Беларускі мастак, грамадскі дзеяч, палітвязень Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 года ў мястэчку Бобр (Крупскі раён). Прыкладна з 6 гадоў пачаў маляваць. Вучыўся ў мясцовай школе. У 1978 г. паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка. Вучыўся ў Пятра Шарыпы да 1983 г., затым паступіў на курс манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. У 1984 г. прызваны ў Савецкую Армію, служыў у Афганістане. У войску вёў дзённік па-беларуску, апісваючы праўду, пакуль яго не прачытаў і ня выдаў саслужбовец. Дзённік Пушкіна быў прызнаны антысавецкім. У 1986 г. дэмабілізаваўся і працягнуў вучобу.

Акрамя актыўнай выставачнай дзейнасьці, пачатай у часы перабудовы, Алесь Пушкін браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэння. Гэта быў час узнікнення ў Беларусі моладзевых гісторыка-культурных арґанізацый. У 1988 г., на 4-м курсе інстытута, Алесь Пушкін арґанізаваў першы гурток Беларускага Народнага Фронту. Удзельнічаў у студэнцкім руху. Браў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы мітынгу на Дзяды ў Мінску 30 кастрычніка 1988 г., з-за чаго быў арыштаваны на 5 сутак. Уваходзіў у рух БНФ, У 1990 г. распісваў фае сваёй школы-інтэрната (дыпломная праца). Пасля заканчэння інстытута атрымаў размеркаванне на працу ў Віцебскім мастацкім камбінаце. З часам, знайшоўшы памяшканне пад уласную майстэрню, заняўся падрыхтоўкай выставы «Соц-арт. Дэкляратыўнае мастацтва». 25 сакавіка 1991 года на Дзень Волі Алесь Пушкін праехаў па Віцебску пад гукі духавога аркестра на асле, з голубам у руках. Далей голуб быў выпушчаны са словамі: «Ён прынясе нам свабоду!».

23 сакавіка 1993 года ў Віцебску мастак адкрыў адну з першых у Беларусі прыватных некамерцыйных галерэй сучаснага мастацтва «У Пушкіна», якая дзеіла да 1997 года. Таксама Алесь Пушкін афармляў сцэну і быў аўтарам эскізаў касцюмаў да Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. Займаўся сцэнаграфіяй у Беларускім драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Пасля закрыцця галерэі вярнуўся на радзіму ў Бобр. штогод арганізоўваў святкаванне Купалля, удзельнічаў на фэстах на Крапівенскім полі і ды іншых. 

Пушкін рабіў рэстаўрацыю і абнаўленне храмавых роспісаў у розных гарадах і мястэчках Беларусі – Магілёве, Вішневе, Міхалішках, Менску, Сынковічах, Косаве, іншых. Удзельнічаў у міжнародных выставах (Чэхія, Расея, Нямеччына, іншых краінах). Працы знаходзяцца ў Дзяржаўным мастацкім музеі Беларусі, Гістарычна-архітэктурным музеі Полацка, гарадскіх музеях Оршы, прыватных зборах Беларусі і замежжа.

За свае мастацкія перформансы неаднаразова трапляў пад палітычны пераслед. У 1999 г. Алесь быў засуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за гучную акцыю «Падзяка прэзідэнту». Пазней неаднаразова затрымліваўся, штрафаваўся і быў засуджаны да арышту. 26 сакавіка 2021 г. на яго пачалі крымінальную справу за партрэт антысавецкага падпольніка Аўгена Жыхара на выставе ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця.

Ведаючы пра крымінальную справу ён свядома вярнуўся з Украіны ў Беларусь — і апынуўся за кратамі. Пушкін быў асуджаны за сваю творчасць на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму. 30 сакавіка 2022 г. Алеся Пушкіна засудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі за «рэабілітацыю нацызму». Быў у гарадзенскай турме, мастака моцна прэсавалі, у тым ліку за беларускую мову.

Паводле атрыманай інфармацыі ў зняволенні ў Пушкіна ўзнікла прабадная язва, яму доўга не аказвалі медыцынскай дапамогі. Калі яго даставілі ў рэанімацыю, медыкі выратаваць яго ўжо не змаглі. Алесь Пушкін памёр у шпіталі ў ноч на 11 ліпеня 2023 года ў час запозненай аперацыі, фактычна быў закатаваны невыноснымі турэмнымі ўмовамі.

Пахавалі мастака на яго радзіме ў Бабры.

Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі пасмяротна ўзнагародзіў Пушкіна медалём “Гонар і годнасць”.

Радыё Свабода публікавала расследаванне таго, хто датычны да гібелі Алеся Пушкіна.