У Беларусі +8 новых палітвязняў

Гэта Анастасія Гарчакова, Анастасія Сікірская, Павел Аляксееў, Аляксандр Здаравеннаў, Рычард Логвінаў, Валянцін Нікішын, Кацярына Дзяруга, Ян Пацюпа.

Хто гэтыя людзі і чаму праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываваным:

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

7 жніўня 2025 года

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі ды крымінальная адказнасць за розную пратэсную актыўнасць выкарыстоўваюцца ўладамі для ўціску грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.

Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе стала істотна больш жорсткім і дапоўненае новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.

МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве ды палітыцы, што ёй праводзіцца, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці ды пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйных захадаў абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:

  • Анастасія Гарчакова асуджаная паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў яго дзейнасці — на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі;
  • Анастасія Сікірская асуджаная паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса паводле абвінавачвання ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў яго дзейнасці — на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі;
  • Павел Аляксееў асуджаны паводле арт. 361-1 і 130 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў яго дзейнасці, а таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці — да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі;
  • Аляксандр Здаравеннаў узяты пад варту паводле абвінавачвання ў здзяйсненні злачынства эстрэмісцкай накіраванасці;
  • Рычард Логвінаў, Валянцін Нікішын, Кацярына Дзяруга, Ян Пацюпа ўзятыя пад варту паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса паводле абвінавачвання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.

Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • неадкладна вызваліць палітвязняў Анастасію Гарчакову, Анастасію Сікірскую, Паўла Аляксеева, Аляксандра Здаравеннава, Рычарда Логвінава, Валянціна Нікішына, Кацярыну Дзяругу, Яна Пацюпу;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Lawtrend;

Respect-Protect-Fulfill;

Беларускі ПЭН;

Прававая ініцыятыва;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю.