9 жніўня спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш — выбітнай беларускай паэткі, сябры Рады БНР, вязня ГУЛАГу і сімвала беларускай незалежнай ідэнтычнасці.

І праз дзесяцігоддзі пасля яе смерці, улады ў Беларусі працягваюць змагацца з памяццю. У Зэльве, дзе Ларыса Геніюш жыла і дзе пахаваная, у 2023 годзе быў дэмантаваны помнік ля царквы. Сёлета 8 ліпеня ў Менску быў сарваны вечар памяці Геніюш, які меўся адбыцца ў галерэі «Парасон».

Сітуацыю пракаментаваў паэт і літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч:

– Антыбеларускія рэпрэсіі згусціліся яшчэ мацней. Нават аўтарытэт мітрапаліта Філарэта, які блаславіў у 2003 годзе каля праваслаўнай царквы ў Зэльве адкрыццё помніка Ларысы Геніюш. Геніюш была шчырай праваслаўнай верніцай, – гэтага, аказалася, недастаткова, і помнік, як мы памятаем, пры таямнічых абставінах знік.

Паводле Хадановіча, у верасні 2025 года ў Вроцлаве адбудзецца вечар памяці Ларысы Геніюш, дзе будзе прадстаўлена кніга яе ўспамінаў “Птушкі без гнёздаў”. Выданне выйшла на беларускай і польскай мовах, дзякуючы супольным намаганням Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку і фонду Kamunikat.org.

Беларускае Радыё Рацыя