
10 жніўня 2020 года каля станцыі метро «Пушкінская» ў Менску сілавікі забілі 34-гадовага Аляксандра Тарайкоўскага. Ён стаў першай ахвярай мірных пратэстаў, што пачаліся пасля фальсіфікацыяў так званых прэзідэнцкіх выбараў.
Аляксандр Тарайкоўскі быў застрэлены сілавікамі 10 жніўня 2020 года на мірных пратэстах блізу метро «Пушкінская» ў Менску. Гэта здарылася, калі мужчына ішоў у бок групы сілавікоў з узнятымі ўгору рукамі.
Паводле першай версіі, агучанай уладамі, Аляксандр спрабаваў кінуць выбухоўку ў бок сілавікоў, але яна спрацавала ў ягоных руках. 19 лютага 2021 года Следчы камітэт прызнаў, што Тарайкоўскі загінуў не ад выбухоўкі, а ад ранення, атрыманага ў выніку выкарыстання несмяротнай зброі. Пры гэтым СК пастанавіў не заводзіць крымінальную справу, каб расследаваць смерць мужчыны.
«Кіберпартызаны», калі атрымалі доступ да базаў з інфармацыяй пра памерлых у Беларусі, у тым ліку да дакументаў з афіцыйнаю прычынаю смерці, раней паведамлялі, што прычынай смерці Тарайкоўскага была «адкрытая рана пярэдняй сценкі грудной клеткі».
У 2023 годзе «Прававая ініцыятыва» апублікавала даклад пра смерці і забойствы ўдзельнікаў палітычных пратэстаў і гібелі палітвязняў. Праваабаронцы прыйшлі да высновы, што ўлады Беларусі парушылі права на жыццё і свае міжнародныя абавязкі, не пакаралі вінаватых. Адказнасць за гэта ўскладваюць на Аляксандра Лукашэнку, працаўнікоў Міністэрства ўнутраных справаў, Дэпартаменту выканання пакаранняў, Камітэту дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства абароны, Следчага камітэту і пракуратуры, старшыню Вярхоўнага суда.
