
Чалавек, знаёмы з сітуацыяй у заводакіраванні на «Гродна-Азоце», кажа, што не так даўно звальнялі тых, каго адшукалі сярод удзельнікаў аднаго з пратэсных маршаў, і чалавека з каманды Віктара Бабарыкі. Раней на заводзе актыўна высвятлялі, у каго з супрацоўнікаў ёсць карта паляка. Цяпер гэтым менш займаюцца. За наяўнасць карты паляка з працы не звальняюць, але новы кантракт не падпішуць.
У Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце таксама працягваюць звальняць — дакладней, не працягваць кантракты — недастаткова лаяльным выкладчыкам.
Са слоў чалавека, знаёмага з сітуацыяй, гэтую практыку не спыняюць нават нягледзячы на недахоп выкладчыкаў. Крыніцы вядома адразу пра некалькі калег, якія не выйдуць на працу з 1 верасня з-за таго, што ім не працягнулі кантракт з-за палітычных прычын.
Выяўляць нелаяльных супрацоўнікаў працягваюць і ў «Гроднааблгазе». Хоць за столькі гадоў ужо амаль не засталося людзей, на якіх можна адшукаць кампрамат.
Крыніца: «Наша Ніва»
