
Польшча прапануе беларусам добрыя ўмовы легалізацыі і выдае падарожныя дакументы замест пашпартоў. Але працэс не ідэальны: «Amnesty International» бачыць, што беларусы апынуліся ў «пастцы заганнага кола бюракратыі».
Польскае аддзяленне міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Amnesty International» запусціла петыцыю за спрашчэнне легалізацыі беларусаў у Польшчы і выдачы грамадзянам Беларусі польскіх падарожных дакументаў. На момант публікацыі петыцыю падпісалі звыш 1300 карыстальнікаў.
«Amnesty International» расказвае, што сотні тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць радзіму пасля мірных пратэстаў 2020 года, а ўлады Беларусі не даюць магчымасці абнаўляць дакументы за межамі Беларусі, чым прымушаюць вяртацца ў Беларусь пры рызыцы палітычнага пераследу.
У Польшчы ўжо зрабілі шэраг дзеянняў, каб палепшыць становішча грамадзянаў Беларусі. Але праваабаронцы не бачаць комплекснага развязання праблемы і заяўляюць, што людзі з Беларусі «апынуліся ў пастцы заганнага кола бюракратыі, дзе лягчэй атрымаць пашпарт для сабакі, чым дакументы для дзіцяці».
У петыцыі, якую збіраюцца скіраваць міністру ўнутраных справаў Польшчы, просяць:
- Падоўжыць тэрмін дзеяння польскага падарожнага дакументу для замежнікаў як мінімум на тры гады.
- Прыняць трывалыя юрыдычныя пастановы наконт гэтага дакументу для грамадзянаў Беларусі замест падаўжэння дзейных пастановаў міністра ўнутраных справаў, якія працягваюць спрошчаныя правілы раз на паўгода.
- Выразна пазначыць статус падарожнага дакументу замежніка як пасведчання асобы на заканадаўчым узроўні.
- Мінімізаваць бюракратыю і час чакання легалізацыі месца жыхарства, каб грамадзяне Беларусі не апынуліся ў юрыдычнай нявызначанасці, без права на працу або доступ да асноўных паслугаў.
«Amnesty International Poland» і сама заклікае польскія ўлады прыняць практычныя захады, каб абараніць правы беларусаў і спрасціць працэдуру легалізацыі. Павялічыць тэрмін дзеяння падарожнага дакументу і зменшыць час чакання віду на жыхарства просяць таксама беларускія дэмакратычныя сілы – у прыватнасці, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка і заснавальніца ініцыятывы «Партызанка» Ганна Маціеўская ў ліпені заклікалі да гэтага на сустрэчы з кіраўніком польскага Упраўлення ў справах замежнікаў Томашам Цытрыновічам.
Чарговая пастанова аб працягу спрошчаных правілаў выдачы падарожных дакументаў была ўхваленая 24 чэрвеня. Прынамсі да канца 2025 года грамадзяне Беларусі ў Польшчы змогуць атрымаць «замяняльнік пашпарту» бясплатна і без доказаў немагчымасці атрымаць «родны» пашпарт. Як вядома з абгрунтавання пастановы, летась па такі дакумент звярнуліся 3893 грамадзяніны Беларусі, 3328 атрымалі яго.
Тым часам Польшча робіць міграцыйнае заканадаўства больш строгім, каб змагацца з нелегальным працаўладкаваннем. З нядаўняга часу ў Польшчы больш не прымаюць выдадзеныя ў БССР дакументы і патрабуюць апастылі. Правілы паступлення ў польскія навучальныя ўстановы ўскладнілі так, што шмат хто не здолее паступіць праз немагчымасць своечасова атрымаць сертыфікат ведання польскай мовы. У Польшчы таксама могуць скасаваць тэрміны разгляду заяваў на міжнародную абарону.
Белсат
