
Акцыя салідарнасці з палітвязнямі ў Беластоку
У Беластоку прадстаўнікі мясцовай беларускай дыяспары правялі традыцыйную акцыю салідарнасці з беларускімі палітычнымі вязнямі, якія вымушаныя ў гэтым месяцы сустракаць свой чарговы дзень народзінаў у месцах зняволення.
Гавораць удзельнікі такой акцыі:
– Я выйшла, таму што краты – гэта вельмі цяжка. Цяжка за тых людзей, якія сядзяць, цяжка за тыя сем’і, чыя блізкія сядзяць, Адсюль дапамагаць сем’ям палітвязняў вельмі складана. Я лічу, што ўся Беларусь знаходзіцца за кратамі, таму сем’і таксама знаходзяцца за кратамі, толькі з другога боку.
– Для ўсіх, хто тут, для беларусаў, вельмі важна, і гэта на першым месцы, вызваленне палітвязняў, бо людзей катуюць ні за што. Для гэтага мы і выходзім на такія акцыі. Але свет бачыць, бо ў Беларусі адна хлусня, глядзіш – і плакаць хочацца.
– Гэта акцыя салідарнасці з палітвязнямі, яны сядзяць, і мы маем надзею, што яны хутка выйдуць і ўсё будзе з імі добра.
– Мы выходзім кожны месяц, стараемся ўсіх ахапіць, у каго дзень народзінаў, каб іх сваякі бачылі, што на іх не забыліся, іх памятаюць. І мы вельмі чакаем, калі яны ўсе выйдуць. І я веру, што будзе той дзень, калі яны ўсе выйдуць разам, і мы іх сустрэнем каля тых брамаў, каля турмаў. А, можа, і на плошчы Незалежнасці ў Менску сустрэнемся ўсе. Жыве Беларусь!
Па дадзеных беларускіх праваабаронцаў, у Беларусі на сёння не менш за 1187 чалавек знаходзяцца ў месцах зняволення па палітычна матываваных, сфабрыкаваных крымінальных справах. 98 з іх у жніўні вымушаныя сустракаць свой чарговы дзень народзінаў за кратамі.
Беларускае Радыё Рацыя
