
135 гадоў таму (1890) – У в. Сёгда (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Аляксандр Сак, беларускі культурны дзеяч, паэт, каталіцкі сьвятар.
Паходзіў з сям’і селяніна-каваля. Спачатку вучыўся народным, а потым у гарадскім вучылішчы ў Наваградку, потым паступіў у Пінскае рэальнае вучылішча, у якім правучыўся 3,5 гады. У 1907 годзе быў арыштаваны і выключаны з вучылішча па падазрэнні ў рэвалюцыйнай дзейнасці. Праз 2 гады быў выпушчаны на волю з-за не адсутнасці доказаў у следства. З 1911 года вучыўся ў Пецярбургу ў Інстытуце лясной гаспадаркі. У 1913 годзе пасля трэцяга курса спыніў вучобу і паступіў у Магілёўскую рымска-каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу, якую скончыў у 1917 годзе.
Пасвячоны ў святара ў 1917 годзе. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Магілёўскай губерні (мясцовасці Фашчоўка, каля в. Мікуліна ў Аршанскім павеце).
Удзельнік з’езда беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24—25.5.1917), сябра саюза ксяндзоў-беларусаў.
З 19.12.1918 жыў у мястэчку Сянно. У 1919-1921 пробашч у Свяцілавіцкім касцёле і адміністратар у Шклове. Духоўныя ўлады Магілёўскай архідыяцэзіі ў 1922 і 1924 гадах мелі намер накіраваць А. Сака для службы ў Петраград, але ён папрасіў пакінуць яго ў Беларусі. Служыў святаром на Міншчыне і Мазыршчыне, у Койданаве і Хойніках.
Прыхільнік беларусізацыі рэлігійнага жыцця беларусаў — каталікоў, шырока выкарыстоўваў беларускую мову ў душпастырскай дзейнасці.
З вясны 1924 жыў у Менску, дзе часта гасцяваў у Янкі Купалы. Да гэтага перыяду адносяцца многія лірычныя вершы, паэмы і вершаваныя драматургічныя творы.
Пераследаваўся савецкімі ўладамі. 17.12.1929 змушаны быў публічна адмовіцца ад святарскага сану.
Працаваў стыль-рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве.
24.7.1930 арыштаваны ГПУ БССР па справе так званага «Саюза вызвалення Беларусі». Засуджаны на 5 гадоў савецкіх канцлагераў, да 1934 году адбываў тэрмін на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага каналу. Зноў арыштаваны 25.8.1937. Расстраляны саветамі.
