Леташнюю назву «ХарчФэст» вырашылі ціхенька пахаваць. Здаецца, прычына простая: галоўны спонсар зноў знайшоў грошы на музычны фестываль.
Апошнія гады лёс аднаго з буйнейшых музычных фестываляў Беларусі «Лідбір» складваўся даволі драматычна.
Нагадаем: першы фестываль «Лідбір» прайшоў у 2015 годзе. Ён стаў своеасаблівай візітоўкай Ліды. Хэдлайнерамі ў розныя гады станавіліся «Бі-2», «Чайф», «Акіян Эльзы» і іншыя папулярныя гурты. Арганізатары паведамлялі, што колькасць гасцей свята дасягала 130 тысяч чалавек.
Складаныя часы для мерапрыемства пачаліся разам з пандэміяй — былі тры гады адмен і пераносаў. У 2023 годзе «Лідбір» усё ж адбыўся. Але, як кажуць, гэта было ўжо зусім не тое: замест папулярных гуртоў арганізатары далі сцэну розным кавер-бэндам і праўладным артыстам кшталту Skynet. Не абышлося без затрыманняў.
Летась улады Ліды ўвогуле заявілі пра глабальны рэбрэндзінг мерапрыемства. Яго вырашылі зрабіць больш падобным да таго, як традыцыйна праходзіць дзень горада ў любым беларускім райцэнтры: тэматычныя стэнды розных прадпрыемстваў, не надта арыгінальныя фотазоны з бульбай ды морквай, а таксама дзеці з чырвона-зялёнымі сцягамі на шчочках.
Нават назву змянілі — з «Лідбір» на «ХарчФэст». А хэдлайнерам фестывалю стала Вольга Бузава, якая не толькі спявае прапагандысцкія песні, але яшчэ і набывае для расейскіх салдат рыштунак. Фестываль стаў сапраўднай ганьбай для Ліды і яе начальнікаў.
І новая назва, і галоўная гераіня свята выклікалі хвалю хэйта і абурэння ў сацыяльных сетках. Аднак усе квіткі на «ХарчФэст» прадалі, а сама Бузава потым заявіла, што на яе выступ сабралася 100 тысяч чалавек.
Імаверна, прычына была ў тым, што летась галоўны спонсар івэнта — кампанія «Лідскае піва» — значна зменшыў свой фінансавы ўдзел. Таму рабіць прыйшлося тое, на што ў мясцовых уладаў хапіла грошай.
Сёлета ж на сайце «Лідбіра» пазначана, што людзей з рознымі музычнымі густамі зноў збірае менавіта «Лідскае піва».
Адбудзецца фестываль 13 верасня. Першыя квіткі на гала-канцэрт прадаваліся па цане 60 рублёў, а VIP-квіткі — 195 рублёў. Цяпер жа цэны выраслі: за звычайны квіток прыйдзецца заплаціць амаль 80 рублёў і 215 рублёў за VIP. Аўтобусы з Мінска каштуюць 165 рублёў.
Хедлайнеркай зноў заяўлена расейская поп-выканаўца – на гэты раз Юлія Савічава. Арганізатары пішуць, што гэта «поп-ікона, якая дасць рок на нашай сцэне».
Артыстка знаходзіцца ў базе ўкраінскага «Міратворца» за тое, што выступала ў акупаваным Расеяй Крыме ў 2015 годзе. Расейскія СМІ прыпісвалі Юліі фразу: «Крым наш!», якую яна быццам бы сказала падчас таго візіту. Але спявачка гэта адпрэчвала і казала, што сама яна — апалітычны чалавек.
З-за пандэміі COVID-19 імпрэзу паставілі на паўзу ў 2020 годзе, арганізатары вырашылі не збіраць фанатаў open air фестывалю ў 2021-м і 2022-м гадах. У 2023 годзе правесці Lidbeer правялі 2 верасня і цесна ўплялі яго ў канву святкавання 700-годдзя Ліды.