«Dissidentby» паведамляе, што спецслужбы зрабілі фэйкавы бот для сувязі ад іх імя нібыта для эвакуацыі беларусаў, якія дасылалі інфармацыю «Гаюну».

Бот сілавікоў завецца @dissidentby_evacuation_bot. Ініцыятыва «Dissidentby» кажа, што не мае да яго ніякага дачынення.

«Ні ў якім разе не дасылайце туды інфармацыю! У “Dissidentby” няма боту для сувязі! Вы можаце звязацца з намі праз наш сайт dissidentby.com (stayrebel.fun – даступны без VPN) або праз кантакты ў апісанні каналу. Акрамя гэтага, мы вядзём сацыяльныя сеткі на беларускай мове.

Калі ласка, правярайце любыя акаўнты і кантакты для сувязі. Вы заўсёды можаце перапытацца ў нас праз афіцыйныя кантакты для камунікацыі», – просіць ініцыятыва.

«Dissidentby» – некамерцыйная ініцыятыва падтрымання палітвязняў у Беларусі. Яна займаецца дапамогаю ў зборы перадач/пасылак у месцы зняволення, пераводах на асабісты рахунак зняволенага, інфармацыйным суправаджэнні і наладжванні гарызантальных сувязяў у грамадзянскай супольнасці ў сферы салідарнасці. «Dissidentby» таксама збірае ўсю актуальную інфармацыю пра палітвязняў, што акумулюе на сайце, і сочыць за раскладам судовых паседжанняў. Акрамя таго, каманда аналізуе прававую сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь, сочыць за апошнімі зменамі ў заканадаўстве, што могуць быць злучаныя з рэпрэсіўнымі практыкамі.