Міністэрства ўнутраных справаў і адміністравання Рэспублікі Польшча. Фота: Белсат

У прэсавай службе Міністэрства ўнутраных справаў і адміністравання (МУСіА) Польшчы пракаментавалі «Белсату» інфармацыю пра нібыта забарону аддзелам грамадзянскіх справаў і раўназначным управам ваяводстваў прымаць у беларусаў дакументы на бланках БССР ці СССР і пасведчанні аб нараджэнні без апастылю.

«Беларускія дакументы мусяць ацэньвацца гэтак жа, як і раней, і апастыль не мусіць запытвацца ў кожным выпадку (кіраўнік ЗАГСу мусіць ацэньваць пададзены яму дакумент у кантэксце выкананай працэдуры)», – адзначылі ў МУСіА.

Згодна з адказам, кіраўнік польскага ЗАГСу, толькі калі ён сумняваецца ў афіцыйным характары або сапраўднасці канкрэтнага дакументу, можа запытаць яго пацвярджэнне, напрыклад, апастыль.

У міністэрстве паабяцалі даслаць яшчэ адзін ліст ваяводам з інфармацыяй «так, каб яна не выклікала сумневаў». Там таксама падкрэслілі, што « уцекачы з Беларусі могуць заўсёды разлічваць на нашае падтрыманне ў Польшчы, ім надаецца абарона і неабходная дапамога».

«МУСіА не прымала пастановы ў гэтым пытанні», – адзначаецца ў адказе міністэрства.

«Наадварот, мы накіравалі дырэктарам аддзелаў грамадзянскіх справаў і раўназначных ваяводскіх управаў інфармацыйны ліст, датычны дакументаў грамадзянскага стану, выдадзеных, сярод іншага, установамі былога Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (з гледзішча дзейнага цяпер у Беларусі становішча, вызначанага польскім МЗС)», – заявілі там.

З адказу не зразумела, ці тое, што «у гэтым пытанні» не прымаліся пастановы значыць, што зялёныя кніжачкі, выдадзеныя ў СССР і БССР, павінны прымацца ў аддзелах грамадзянскіх справаў як і раней. Таму мы даслалі яшчэ адзін ліст з запытам на адрас МУСіА, і паведамім адразу, як атрымаем адказ.

Раней з’явілася інфармацыя, што МУС Польшчы забараніла аддзелам грамадзянскіх справаў і раўназначным управам ваяводстваў прымаць у беларусаў дакументы на бланках БССР ці СССР. Найперш гэта пасведчанні аб нараджэнні і шлюбе, якія могуць спатрэбіцца ў розных абставінах, але найчасцей – пры падачы на польскае грамадзянства. Цяпер, заяўлялася, трэба браць іх дублікаты на новых бланках у беларускім ЗАГСе і ставіць на іх апастылі ў МЗС Беларусі.

Гэткія новаўвядзенні маглі стаць сур’ёзнаю праблемаю для беларусаў, якія асцерагаюцца ехаць на радзіму праз магчымы пераслед, а таксама тых, хто застаецца ў Польшчы на міжнароднай абароне – у выпадку паездкі ў Беларусь яны могуць страціць статус.

Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі скіраваў лісты па дадатковую інфармацыю і тлумачэнні ў МУСіА Польшчы ў пытаннях надання беларусам асабістых дакументаў часу БССР і СССР.