Паводле інфармацыі праваабаронцаў “Вясны”, у Гародні 11 жніўня пачалі разглядаць крымінальную справу супраць васьмі жыхароў Ваўкавыску. Працэс вядзе суддзя Зінаіда Барцэвіч. Фігурантаў справы абвінавачваюць ва “ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні” паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. Усе фігуранты знаходзяцца пад вартай амаль 10 месяцаў — з канца кастрычніка 2024 года.

Нагадаем, восенню 2024 года па ўсіх рэгіёнах Беларусі пракацілася хваля затрыманняў па “справе дваровых чатаў”, якія нібыта “спрабавалі аб’яднацца ў арганізацыю з мэтай захопу ўлады”. 29 кастрычніка 2024 года КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фармаваннем” дваровую кааліцыю “Ордэн”, у якую ўваходзяць дваровыя чаты “Злые когтики”, “Сухарево”, “Сеніца2.0”, “Солідарность”, “Вольныя ваўкі”, “Навагрудскія партызаны”, “ВИЛИЯ”, “Скромные матрешки”, “Соседи”.

Супраць дзясяткаў людзей пачалі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), а таксама ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).

Некаторыя фігуранты знаходзяцца за мяжой, яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек цяпер утрымліваюцца пад вартай. Некаторым спачатку выставілі абвінавачванне паводле арт. 357 КК, а пазней перакваліфікавалі на арт. 361-1 КК, некаторых абвінавачваюць адразу па двух артыкулах. У ліпені 2025 года ў Беларусі распачаліся першыя масавыя суды па гэтай справе.