Ад сустрэчы на Алясцы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з начальнікам маскоўскага Крамля многія чакалі многа. Некаторыя нават думалі, што гаспадар Белага дома дастане пісталет маркі Semmerling і застрэліць у Анкорыджы запрошанага госця адразу, як той сыдзе з трапу самалёта. Іншыя настойліва прапаноўвалі арыштаваць Пуціна паводле рашэння Міжнароднага крымінальнага суда. Праўда, забываючы пры тым, што ЗША ніколі не падпісвалі так званы Рымскі статут, а значыць не прызнаюць юрысдыкцыі гэтага суда. Паклаўшы руку на сэрца, прызнаюся, што ў мяне таксама былі значныя спадзяванні на гэтую сустрэчу, якія, на жаль, не спраўдзіліся. Усе мы настолькі расчараваліся ў палітыках і палітыцы 21-га стагоддзя, стаміліся ад акупацыі і вайны, што ўсё чакаем нейкага сапраўднага цуда. А яно ніяк не надыходзіць.

Калі ж аналізаваць цвяроза і спакойна, то можна сказаць, што нічога катастрафічнага ці надзвычайнага не здарылася – Марс не наляцеў на зямную вось, а Маск яшчэ не паляцеў на Марс. Перамовы каманды Трампа з камандай Пуціна пакуль не наблізілі нас да заканчэння вайны ва Украіне. А можа і наблізілі, паколькі мы ня ведаем дэталяў закулісных перамоваў.

Не перастае мяне здзіўляць, аднак, рэакцыя разнастайных дэмакратычных прадстаўнікоў – блогераў, аналітыкаў, праваабаронцаў, палітолагаў – украінскіх, беларускіх, расейскіх. Тых, якія імкнуцца фармаваць грамадскую думку і ў значнай ступені сапраўды на яе ўплываюць. Не буду тут казаць пра польскую медыйную сферу, бо куды горш ведаю яе, чым прадстаўнікоў СМІ і блогасферы згаданых трох краінаў. Пасля саміту на Алясцы, які, на жаль, пакуль сапраўды не прынёс ніякіх пазітыўных вынікаў, на ліберальных «балотах» разносіліся страшэнныя лямант, вый і істэрыкі. У дэмакратычным лагеры супраціўнікаў і апазіцыянераў Пуціну царавала нейкая ірацыянальная, вакханальная радасць у дачыненні амерыканскага прэзідэнта: «Ну што, закончыў ты вайну за 24 гадзіны?!», «А за паўгады?!» – «І не закончыш!». І далей без ценю сумневу суцэльная слоўная экзальтаванасць з высновамі, што Трамп па поўнай праграме, абсалютна аблажаўся (выбіраю тут найбольш літаратурны дзеяслоў). Але калі Трамп сапраўды саступае ў дыпламатычным і палітычным змаганні з Пуціным – то чаму тут радавацца?! Гэта ж прайграе найперш не Трамп, а Украіна, уся Еўропа, усе мы з вамі. Бо што зрабіла Еўропа за гады вайны дзеля набліжэння паразы Масквы і вызвалення Украіны і Беларусі – нічога! Нічога не зрабіла, бо не змагла ці нават не захацела зрабіць. І вось знайшоўся амерыканскі несістэмны, антыглабалісцкі палітык, які хоча спыніць кровапраліццё і забойствы людзей. І калі ў яго нешта не ўдаецца ў гэтым кірунку – ліберальна дэмакратычны свет цешыцца напоўніцу.

Да Трампа было некалькі амерыканскіх адміністрацый, дзясяткі еўрапейскіх палітыкаў розных моцных дзяржаў, кіраўнікоў Еўразвязу, якія мілаваліся, абдымаліся з Пуціным, прымалі яго ва ўсялякія «вялікія сямёркі», «дваццаткі», а галоўнае – напампоўвалі маскоўскі рэжым нафтагазадалярамі, сваёй шматгадовай рэал-палітык жывілі і умацоўвалі гэты злачынны рэжым. І ўсе гэтыя палітыкі былі добрыя для 90 адсоткаў нашых дэмакратычных лібералаў, якія зараз замест таго, каб памаўчаць ці спакойна разважыць сітуацыю, выліваюць тоны слоўных памыяў на галаву палітыка, які імкнецца спыніць вайну. І паспяхова спыніў ужо цэлы шэраг доўгатэрміновых палітычна-збройных канфліктаў у розных кутках свету. Што ж датычыць, вобразна кажучы, новага матча ЗША-Расея, то ў ім згуляны толькі першы тайм, а на табло пакуль нуль-нуль. Трамп цэлы час імкнецца рацыянальнымі хадамі прымусіць Маскву спыніць вайну, пачаць гандляваць замест забіваць. І тут ён памыляецца, таму што мысленне Пуціна ірацыянальнае, ён жыве імперскімі інстынктамі і для яго галоўнае – знішчыць Украіну зусім, падпарадкаваць Беларусь да канца.

Што яшчэ істотнае для нас, адміністрацыя Трампа, чым бы яна не кіравалася, звярнула ўвагу на Беларусь як палітычны суб’ект. У выніку шэраг палітвязняў ужо на свабодзе, зараз з’явілася надзея на вызваленне ўсіх палітычных зняволеных. Гэта зусім не набліжае вызваленне самой Беларусі, але дае надзею на некаторыя пазітыўныя працэсы.

Уладзімір Хільмановіч