
фота ілюстрацыйнае
Мужчына абурыўся тым, што ўжо каторы месяц не можа злавіць тэрмін на падачу дакументаў у польскі візавы цэнтр у Менску, каб запрасіць да сябе бабулю. Ён вырашыў сабраць подпісы пад зваротам у МЗС Польшчы.
Беларус Аляксей запусціў на сайце Avaaz.org збор подпісаў пад петыцыяй у Міністэрства замежных справаў Польшчы за рэальны доступ да атрымання візаў на запрашэнне жыхароў Польшчы.
Аўтар петыцыі скардзіцца на кампанію «VFS Global», якая апрацоўвае заяўкі на візы ў Польшчу і шэраг іншых краінаў. Менавіта ў Польшчы яго непакоіць немагчымасць запісацца на візу праз запрашэнне жыхара Польшчы: даты на падачу дакументаў з’яўляюцца рэдка і хутка знікаюць, а сістэму рэгістрацыі ён называе нестабільнай і ненадзейнай. Асабліва ён адзначае, што многія сваякі жыхароў Польшчы маладзейшыя за 60 гадоў і не маюць права на спрошчаную працэдуру атрымання візы без рэгістрацыі, таму вымушаныя звяртацца да «VFS».
Ён наракае, што гэта прыводзіць да блакавання законнага права чалавека запрасіць свайго блізкага і ў выніку да разлукі сем’яў. Таксама ён адзначае, што цяперашні стан сістэмы рэгістрацыі таксама «спрыяе развіццю нефармальнай і незаконнай практыкі»: стварае пасярэдніцкія структуры, якія прымушаюць людзей плаціць трэцім асобам за рэгістрацыю.
Аўтар петыцыі прапануе:
- Стварыць альтэрнатыўны шлях падачы заявак на атрыманне візы ў сямейных і гуманітарных справах (напрыклад, непасрэдна ў консульстве);
- Забяспечыць эфектыўны кантроль за сістэмай «VFS Global» і праверку ейнай даступнасці і цэласнасці;
- Стварыць спецыяльны пул датаў для людзей з зарэгістраванымі запрашэннямі ад ваяводскіх («абласных») органаў улады;
- Забяспечыць кантакт з консульствам у абгрунтаваных выпадках, калі рэгістрацыя праз «VFS» тэхнічна або практычна немагчымая.
На сістэмы «VFS Global» беларусы скардзяцца ці не ад самага іх запуску. Напрыклад, 12 гадоў таму праграміст напісаў скрыпт для «лоўлі датаў», бо бачыў, што ў Беларусі «стаіць вострая праблема з атрыманнем візаў у Еўразону» – «вольных датаў не злавіць». Беларусы рэгулярна просяць адмяніць манаполію візавага цэнтру «VFS Global», бо візавы цэнтр не ў стане арганізаваць стабільнай і даступнай магчымасці рэгістрацыі.
У Польшчы адказваюць, што працуюць над праблемай, часам заяўляюць пра яе вырашэнне, але за многія гады трывалага развязання не знайшлося. Прымаць заявы ў польскім консульстве не могуць: у Беларусі застаецца ўсяго некалькі польскіх консулаў – іхных сілаў не хопіць, каб апрацаваць столькі дакументаў.
Алесь Наваборскі, Белсат
