Па стане на 21 жніўня 2025 году праваабаронцам вядома не менш чым пра 191 палітвязня, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Гэта людзі, якія маюць праблемы са здароўем, непаўнагадовыя на момант здзяйснення дзеянняў, што ставяцца ім у віну, шматдзетныя і іншыя людзі ў цяжкіх сямейных абставінах, людзі, якія знаходзяцца на прымусовым псіхіятрычным лекаванні ў закрытых установах. Таксама ў гэтую лічбу ўваходзяць палітвязні, якія дыскрымінуюцца паводле розных падставаў: інкамунікада, зняволеныя, якія не выходзяць з-за кратаў, нават нягледзячы на тое, што тэрмін іх пакарання сыйшоў.
Такім чынам, за кратамі мінімум 72 чалавекі знаходзіцца ў цяжкім стане фізічнага здароўя, дзевяць чалавек маюць інваліднасць, 27 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама дзевяць чалавек з ментальнымі разладамі. Сярод палітзняволеных — 39 чалавек у складаных сямейных абставінах: гэта адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.
Найстарэйшы з палітвязняў — 77-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёву, які быў накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным шпіталі за абразу Лукашэнкі.
Для людзей з пэўных уразлівых групаў зняволенне апынаецца яшчэ большым выпрабаваннем, чым для астатніх. Да таго ж, яно яшчэ больш пагаршае стан іх здароўя праз несвоечасова аказаную дапамогу, адсутнасць рэгулярных медабследаванняў, якія ім патрэбныя, недасяжнасць патрэбных медычных сродкаў. Таму “Вясна” распавядае пра людзей з уразлівых групаў, якія сёння знаходзяцца за кратамі.
*у загалоўку выкарыстаная цытата палітвязня, які вызваліўся па заканчэнні тэрміна зняволення.
Цяжкі фізічны стан
Як мінімум 72 чалавекі цяпер знаходзяцца ў зняволенні ў цяжкім стане здароўя. У зняволенні кожнае захворванне прагрэсуе хутчэй: акрамя адсутнасці кваліфікаванай медычнай дапамогі, на гэта ўплываюць умовы ўтрымання – недахоп свежага паветра, дрэннае харчаванне, пастаянны псіхалагічны ціск і стрэс. Гэта прыводзіць да таго, што нават тыя праблемы, якія не абвастрыліся б у нармальных умовах, у зняволенні апынаюцца для людзей сур’ёзнымі праблемамі.
Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Войніч смяротна хворы. Пасля віруснага гепатыту ён мае цыроз печані, цукровы дыябет, пухліна над наднырачнікамі, выдалены жоўцевы пузыр і мноства звязаных з гэтым ускладненняў. Яму патрэбная тэрміновая перасадка печані, да арышту ён штомесяц наведваў трансплантолага. Аднак у калоніі, куды яго накіравалі для адбыцця сямігадовага зняволення, яго кідаюць у карцар, ён пазбаўлены перадачаў і спатканняў.
У 60-гадовага палітолага Аляксандра Фядуты дыягнаставаная вострая сардэчная недастатковасць, у СІЗА у яго здараліся прыступы сценакардыі і арытміі. Яго асудзілі да дзесяці гадоў калоніі, аднак адразу пасля этапу ён трапіў у лякарню праз праблемы з сэрцам і ацёкі. Нават нягледзячы на цяжкі стан, мужчына абвесціў медыцынскую забастоўку супраць абмежаванняў на ліставанне са сваякамі: пэўны час ён адмаўляўся прымаць пігулкі, без якіх у яго мог здарыцца сардэчны прыступ. Восенню 2022 году ягоная жонка распавядала, што праз праблемы з сэрцам Фядута не можа ляжаць і нармальна спаць. Яму нават рабілі рэнтген і кардыяграмы, збіраліся праводзіць кансіліум наконт ягонай сітуацыі, але чым усё скончылася — невядома. У снежні Аляксандра этапавалі ў магілёўскую ПК № 15. Як выявілася, амаль адразу пасля пераводу палітвязень трапіў у бальніцу, бо ў яго абвастрыліся праблемы з сэрцам.
21-гадовы Мікіта Залатароў хварэе на эпілепсію, на адным з допытаў адразу пасля затрымання яго забрала “хуткая”, але пасля рэанімацыі яго зноў вярнулі ў ізалятар. Хлопец распавядаў, што тады яго збівалі дубінкай кожны дзень. Мікіту адбывае ў калоніі тэрмін – чатыры з паловай гады пазбаўлення волі. На судзе ён распавёў, што ў СІЗА яму не давалі таблетак, канваір тады сказаў: “Ты палітычны, здохнеш”. Пасля прысуду ў Мікіты Залатарова пачалася гістэрыка: ён кідаўся на краты і крычаў: “Выпусціце мяне адсюль!”.
23-гадовы Арсеній Майсейчык, асуджаны да шасці гадоў калоніі, хворы на лейкому: гэта патрабуе рэгулярнага кантролю лекарамі і штогадовага праходжаня МРТ. Хлапцу таксама забароненыя шмат якія фізічныя нагрузкі — невядома, ці ўлічваецца гэта ў папраўчай калоніі, дзе Арсеній цяпер адбывае пакаранне. Праблемы са здароўем, якія патрабуюць рэгулярнага даследавання, немагчымага ва ўмовах зняволення, маюць таксама Ігар Мінц, Яўген Люльковіч.
У Марфы Рабковай, асуджанай да 14 гадоў і дзевяці месяцаў зняволення, імкліва пагаршаецца стан здароўя праз умовы ўтрымання. Яна мае праблемы з лімфавузламі і шчытападобнай залозай, вадкасць у малым тазе.
“Ёй ужо трэба не проста УГД зрабіць, а пункцыйную біяпсію”
Летам 2021 году яна губляла прытомнасць у СІЗА, моцна схуднела і цяжка перахварэла на кавід. Яна некалькі разоў пісала заяву на выклік стаматолага, аднак ёй пастаянна адмаўлялі ў гэтым. Праблемы з зубамі назіраюцца шмат у каго з палітзняволеных: так сказваецца недахоп кальцыю і адсутнасць своечасовай стаматалагічнай дапамогі.
Спецдакладчыкаў ААН праінфармавалі пра стан здароўя праваабаронцы Марфы Рабковай
Крызіс са здароўем у Марыі Калеснікавай пачаўся 28 лістапада 2022 году, калі “да праблем з ціскам, млоснасцю і прытомнасцю дадаўся пакутлівы боль у страўніку”. Марыю даставілі ў хірургічнае аддзяленне гомельскай бальніцы хуткай дапамогі і прааперавалі з прычыны прабадной язвы і перытаніту. Праз некалькі дзён палітзняволеную перавялі назад у калонію, у медыцынскі стацыянар, дзе ёй дазволілі сустрэцца са сваім бацькам. Цяпер Марыя ўжывае мала ежы, бо харчаванне з калоніі ёй не пасуе. У медсанчастцы паабяцалі скарэктаваць для яе рэжым харчавання. Вядома, што шпіталізацыі папярэднічала непрапарцыйна жорсткае абыходжанне ў ШІЗА. Марыя мае праблемы са здароўем у жаночай ПК-4 у Гомелі. Праз гэта яна не працуе. Аднойчы на пастраенні яе прыйшлося нават выводзіць пад рукі.
У Аляксея Галаўко, асуджанага да 12 гадоў калоніі, хранічныя праблемы з носам, якія патрабуюць хірургічнага ўмяшальніцтва.
Шмат у якіх палітвязняў за кратамі імкліва пагаршаецца здароўе праз умовы ўтрымання, абвастраюцца хранічныя захворванні. Сярод іх — жорстка збіты пры затрыманні Раман Багнавец. Мікіта Кунтыш мае захворванне, якое пры неналежным доглядзе лекараў можа перайсці ў хранічную стадыю. У Сцяпана Латыпава дыягнаставана цынга. У праваабаронцы Уладзя Лабковіча значна пагоршылася здароўе. Ён скардзіцца на частыя галаўныя болі і на бяссонніцу. Таксама ў яго вельмі пагоршыўся зрок. Анджэя Пачобута адправілі ПКТ на наступны дзень пасля таго, як у яго быў ціск 190/140. У супрацоўніка мытнай службы Яўгена Гурыновіча, якога судзяць за “здраду дзяржаве”, сур’ёзныя праблемы з хрыбетнікам. У журналіста Дзяніса Івашына ўлетку 2021 году, ужо ў зняволенні, пачаліся праблемы з сэрцам.
У палітвязня Яўгена Бурло ў зняволенні здарыўся рэцыдыў захворвання, на якое мужчына пакутаваў яшчэ да затрымання, у яго некроз тазабедраных суставаў. Яўген быў накіраваны ў медсанчастку СІЗА. Знаёмыя Яўгена распавялі, што сваякі палітвязня звярталіся да кіраўніцтва СІЗА, каб ён мог атрымаць належнае лячэнне, але там адмовілі. Яўген Бурло быў на мыліцах у час прысуду, ён нават не мог устаць. Яго асудзілі да васьмі гадоў калоніі. Вядома, што Яўген Бурло патрабуе аперацыі на хрыбце. Яму абяцалі яе правесці.
Дзянісу Сальмановічу ў калоніі зрабілі аперацыю па выдаленню жоўцевага пухіра. Пасля аперацыі Дзяніс яшчэ тыдзень знаходзіўся ў санчастцы калоніі, пакуль яму не знялі швы. У яго таксамасур’ёзнае хранічнае захворванне нырак – хранічны гломеруланефрыт.
Інваліднасць
Яшчэ прынамсі дзевяць чалавек у зняволенні маюць інваліднасць.
Ігар Шумілаў, прысуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі, мае інваліднасць трэцяй групы. 10 гадоў таму ён трапіў у ДТЗ і страціў нагу, а таксама праз гэта мае сур’ёзную праблему з правай рукой.
Інваліднасць мае Аляксандр Кісель, які стаіць на ўліку ў псіхіятра ад самага нараджэння. Яго накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны стацыянар.Таксама інваліднасць маюць стрыечны брат прадстаўніка палка Каліноўскага Сяргей Франчук, мядзельскі экалагічны актывіст Станіслаў Таспаеў. Апошні таксама пакутаваў на анкалогію, але апошнім часам быў у рэмісіі.
Уладзімір Гундар — актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, мае інваліднасць другой групы (мужчына не мае нагі). Яго асудзілі да 20 гадоў пазбаўлення волі.
У 42-гадовага Руслана Слуцкага добраякасная пухліна галаўнога мозгу, а таксама моцныя болі ў спіне, праз якія ён часам не мог устаць з ложку, аднак у шпіталізацыі яму адмаўлялі. Аднак вядома, што ў лістападзе 2022 году ён быў шпіталізаваны праз пнеўманію. Мужчына асуджаны да 11 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Аляксандр Краўчук мае другую групу інваліднасці, у яго няма адной нагі.
Узрост
Сёння ў зняволенні ўтрымліваюцца 27 чалавек у сталым узросце. У іх шмат хваробаў, развіццё якіх правакуюць і без таго цяжкія ўмовы знаходжання ў зняволенні. Высокі артэрыяльны ціск, хваробы сэрца і рухальнага апарату без адпаведнага дагляду прыводзяць людзей ва ўсё горшы і горшы стан.
Філосаф, святар, велаактывістка, рэдактар: за кратамі застаецца больш за 40 сталых людзей
У Міжнародны дзень сталых людзей распавядаем некаторыя з іх гісторый.
69-гадовая палітзняволеная Ірына Мельхер перанесла гіпертанічны крыз, кожны дзень ейны стан пагаршаецца: яна мае праблемы з сэрцам, нервамі. Першы месяц пасля затрымання яна не магла спаць, пакуль ёй не выпісалі заспакаяльныя. У брэсцкім СІЗА яна была на ляжачым рэжыме, аднак яе перавялі на верхнюю койку, адкуль яна не магла злезці самастойна. Разам з тым жанчыне часта трэба было хадзіць у прыбіральню, бо яна мае праблемы з ныркамі. Таму калі яна прачыналася ноччу, то вымушаная была чакаць, пакуль хтосьці прачнецца і дапаможа ёй забрацца назад наверх. У выніку яе асудзілі да 17 гадоў пазбаўлення волі.
«Калі адным словам, то яно будзе нецэнзурным»
Як (не) ахоўваецца права на здароўе зняволеных Беларусі? Заканадаўства і практыка.
У зняволенні на розныя хваробы пакутуюць і лідары незалежнага прафсаюзу РЭП. 67-гадовы Генадзь Фядыніч мае праблемы з сэрцам і дыябет, яго асудзілі да дзевяці гадоў калоніі. 70-гадовы Вацлаў Арэшка мае шэраг захворванняў, у тым ліку – праблемы з вачыма, праз якія яму можа пагражаць слепата. Ён асуджаны да васьмі гадоў калоніі.
Таксама ў зняволенні знаходзіцца 64-гадовая Галіна Дзербыш, якая пакутуе на анкалогію, мае другую групу інваліднасці і праблемы з сэрцам. Яе стан здароўя ў зняволенні пагоршыўся, адразу пасля затрымання яе змяшчалі ў карцар, дзе яна некалькі разоў губляла прытомнасць. Вядома, што неабходныя лекі ёй перадавалі альбо са спазненнем, альбо не аддавалі наогул. Жанчына рэгулярна змяшчаецца ў карцэр, нягледзячы на другую групу інваліднасці. Яе пазбаўляюць неабходных лекаў і медыцынскай дапамогі. Яна адзначыла рэзкае пагаршэнне свайго здароўя ў зняволенні. Галіну Дзербыш асудзілі да 20 гадоў калоніі.
64-гадовы актывіст і краязнаўца Уладзімір Гундар – чалавек з інваліднасцю другой групы, у яго няма адной нагі. Аднак у СІЗА яму не дазволілі пакінуць пратэз, не перадавалі неабходныя лекі: высокі ціск справакаваў гіпертанічны крыз. Акрамя таго, ён папрасіў перадаць у СІЗА больш моцныя акуляры і новыя таблеткі ад сэрца. Яго асудзілі да 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гундара часта кідаюць у карцар, ён неаднаразова абвяшчаў галадаванне.
Да пяці гадоў пазбаўлення волі асудзілі 69-гадовага філосафа Уладзіміра Мацкевіча, нягледзячы на сталы ўзрост, ён трымаў галадаванне. Падчас яго ў мужчыны знізіўся ціск, нямелі рукі і ногі, адчувалася вялікая стомленасць. У пачатку жніўня 2023 г. у Рэспубліканскай бальніцы палітвязню зрабілі планавую аперацыю, 18 жніўня 2023 г. філосафа перавялі са шпіталя назад у турму.
Да 14 гадоў калоніі асудзілі 68-гадовага Мікалая Статкевіча, які мінімум тройчы хварэў на ковід падчас зняволення — на гэтым фоне ў яго развілося запаленне лёгкіх, да чатырох з паловай гадоў – 68-гадовую Алену Гнаўк.
За кратамі знаходзіцца 73-гадовы палітзняволены пенсіянер Васіль Дземідовіч. Яго асудзілі да сямі гадоў калоніі, пенсіянер з’яўляецца самым пажылым беларусам, уключаным КДБ у спіс “тэрарыстаў”. Адзначым, што за апошні год мужчына перажыў дзясяткі этапаў. Этапуюць палітвязняў у цяжкіх умовах: у “сталыпінскім” вагоне пад жорсткім кантролем канваіраў і сабак, у кайданах, падчас чаго іх часта не кормяць, усе рэчы яны нясуць у руках, закаваных у кайданы. Таму гэта пакідае вельмі дрэнны адбітак на здароўі Васіля.
65-гадовы святар Генрых Акалатовіч перанёс інфаркт, нядаўна яму была зроблена аперацыя на страўніку ў сувязі з анкалагічным захворваннем. Ён мае патрэбу ў медыцынскім назіранні і пастаянным прыёме лекаў. Вядома, што ў святара дрэннае самаадчуванне.
70-гадоваму пенсіянеру з Ляхавіч Барысу Вітко прысудзілі сем гадоў і тры месяцы калоніі і штраф у суме 12 тысяч рублёў. Мужчына мае праблемы з сэрцам, увесь час павінен прымаць лекі. Паводле інфармацыі сукамернікаў, у яго таксама былі інсульты.
63-гадовы Ігар Леднік меў інваліднасць 2-й групы праз праблемы з сэрцам. Яго пакаралі трыма гадамі зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 20 лютага 2024 году стала вядома, што Ігар Леднік памёр за кратамі.
Праблемы псіхалагічнага кшталту
Мінімум дзевяць чалавек знаходзяцца ў месцах зняволення з ментальнымі разладамі. У зняволенні палітвязні сутыкаюцца з беспрэцэндэнтным ціскам, пастаянна знаходзяцца ва ўмовах стрэсу: гэта пагаршае іх псіхалагічны стан, а таксама паглыбляе тыя псіхалагічныя праблемы, якія назіраліся ў іх і да затрымання. Часта супрацоўнікі дзяржаўных органаў не ўспрымаюць гэтыя праблемы сур’ёзна, таму ніякім чынам не дапамагаюць іх вырашаць.
Псіхалагічная дапамога
Як перажыць ізаляцыю ў адзіночнай камеры і падчас вымушаных уцёкаў.
Пасля затрымання Юрый Прахарэнка схуднеў на 35 кілаграмаў, у яго назіраліся панічныя атакі, псіхасаматычныя разлады і дэпрэсія. Яго накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
З пэўнымі псіхалагічнымі праблемамі сутыкнуліся Ігар Карпіцкі, Юрый Касцюк. Таксама — Віктар Барушка, які пасля затрымання 12 дзён правёў у рэанімацыі БХМД і на судзе заявіў пра збіццё. Андрэй Сачэўка мае разлад асобы. Марыі Успенскай прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Лячыцца яна будзе да выздараўлення — тэрмін не вызначаецца судом.
Сяргей Гуня мае з дзяцінства цяжкае псіхічнае захворванне, праз гэта яму патрабуецца асаблівы дагляд. Яго асудзілі да сямі гадоў зняволення.
Максім Джуманіязаў мае з дзяцінства цяжкае псіхічнае захворванне, праз гэта яму патрабуецца асаблівы дагляд.
Праблемы пасля затрымання
Паколькі ў Беларусі людзей часта затрымліваюць з неапраўданым прымяненнем сілы, часам гэта прыводзіць да з’яўлення праблемаў са здароўем ужо пасля затрымання. Неаказанне своечасовай медычнай дапамогі з’яўляецца таксама метадам ціску на людзей, таму часцей за ўсё праблемы такога кшталту прагрэсуюць.
Аляксандр Капшуль паехаў у Маскву, каб адтуль выехаць у Варшаву, але па дарозе ў цягніку ў яго праверылі дакументы супрацоўнікі ФСБ. Ён зразумеў, што па прыездзе ў расійскую сталіцу яго затрымаюць, і на хаду выскачыў з цягніка. Капшуль зламаў нагу і вывіхнуў руку, але змог дабрацца да мяжы з Украінай. Расійска-ўкраінскую мяжу Капшуль вырашыў прайсці легальна. На памежным пункце яго затрымалі, пасля супрацоўнікі ФСБ вывезлі мужчыну ў Беларусь і перадалі супрацоўнікам КДБ. Пасля мужчыну змясцілі ў СІЗА КДБ. Праз тыдзень яму правялі аперацыю, але, каб вярнуць яму здольнасць рухацца паўнавартасна, патрэбная рэабілітацыя. Без дазволу лекара СІЗА яму не перадавалі патрэбныя лекі. Яго асудзілі да 15 гадоў калоніі.
Рэйкаваму партызану Віталю Мельніку пры затрыманні прастрэлілі каленныя суставы, вядома, што па СІЗА ён перасоўваўся на мыліцах. Мужчыну прысудзілі 13 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Невядома, ці аказваецца яму рэабілітацыйная дапамога.
Праваабаронцы шмат гадоў звяртаюць увагу на жорсткія ўмовы ўтрымання ў зняволенні. Яны абгрунтавана крытыкуюць умовы ўтрымання ў ізалятарах, калоніях і турмах, якія дапаўняюць пакуты, прычыненыя самім фактам пазбаўлення волі.
Іншыя катэгорыі людзей у рызыцы
Сярод людзей у асаблівай рызыцы за кратамі знаходзяцца не толькі тыя, хто мае праблемы са здароўем. Апроч іх, ёсць некалькі іншых катэгорый людзей: непаўнагадовыя на момант здзяйснення дзеянняў, што ставяцца ім у віну, шматдзетныя і іншыя людзі ў цяжкіх сямейных абставінах, людзі, якія знаходзяцца на прымусовым псіхіятрычным лекаванні ў закрытых установах. Таксама гэта палітвязні, якія дыскрымінуюцца паводле розных падставаў: інкамунікада, зняволеныя, якія не выходзяць з-за кратаў, нават нягледзячы на тое, што тэрмін іх пакарання сыйшоў.
Сярод палітзняволеных — 39 чалавек у складаных сямейных абставінах: гэта адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі. Так, Ганна Аблаб, асуджаная да 11 гадоў пазбаўлення волі, мае траіх дзяцей, двое з якіх — непаўнагадовыя. Актывіст і хрысціянскі вернік Зміцер Дашкевіч, асуджаны да трох гадоў і дзевяці месяцаў пазбаўлення волі, мае чацвярых дзяцей. Ягоную жонку Насту Дашкевіч асудзілі да “хатняй хіміі” разам з ім — незадоўга да суду яна нараділа чацвёртага дзіцёнка. Юлія Лаптановіч — шматдзетная маці з Пружанаў. Яна мае трох дзяцей і была асуджаная да чатырох гадоў і дзевяці месяцаў калоніі. У сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Аляксандра Шабаліна — чацвёра дзяцей: двойня — хлопчык і дзяўчынка, ім па 14 гадоў, 9-гадовы хлопчык і 8-гадовая дзяўчынка. Яму прысудзілі шэсць гадоў калоніі. Мужа і жонку Дзмітрыя і Аксану Малочкаў асудзілі да 12 і васьмі гадоў калоніі адпаведна — у іх на волі засталіся трое дзетак.
У рэжыме інкамунікада цяпер знаходзяцца мінімум шэсць палітвязняў. Гэта Максім Знак, Уладзімір Кніга, Ігар Лосік, Мікалай Статкевіч, Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава.
Непаўнагадовымі былі затрыманыя як мінімум восем чалавек, што ўсё яшчэ знаходзяцца ў зняволенні. Сярод іх — Мікіта Залатароў, які хварэе на эпілепсію, а таксама навучэнцы каледжаў, якія былі затрыманыя паводле справы “Чорных салаўёў” за дапамогу Украіне. Сярод іх — грамадзянка Украіны Марыя Місюк, якая была затрыманая 16-гадовай.
Ппаводле звестак праваабаронцаў, мінімум 19 чалавек, прызнаныя палітвязнямі, праходзяць прымусовае лекаванне. Сярод іх — Марыя Успенская, удава забітага Андрэя Зельцэра. Ёй прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары ў чэрвені 2022 года — яна дагэтуль знаходзіцца ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Лячыцца яна будзе да “выздараўлення” — тэрмін не вызначаецца судом.
Вясна
