Нямецкі дэпутат-бізнесмен выклікаў паліцыю на журналістаў і былога вязня, які працаваў на яго беларускім прадпрыемстве. Гаворка пра дэпутата федэральнай зямлі Саксонія ад партыі “Альтэрнатыва для Германіі” Ёрг Дорнаў, які трымае ў Лідскім раёне фірму “Цыбулька-Бел” па перапрацоўцы цыбулі.

Журналісты нямецкай тэлекампаніі ARD падрыхтавалі адмысловы рэпартаж “АдГ і Беларусь — сумнеўныя запыты”. У тым ліку наведалі дом Дорнаў разам з былым беларускім вязнем Сяргеем Чарняком з Ліды, які падчас адміністрацыйнага арышту ў лютым мінулага году працаваў на “Цыбульку-Бел”. Рэпарцёры хацелі запытацца, чаму Дорн у Беларусі прымушаў працаваць на сябе палітычных вязняў. Раз’юшаны дэпутат запатрабаваў спыніць здымкі і ўдарыў рукой па камеры аператара.

Як паведамлялася раней, з 27 сакавіка бягучага году “Цыбулька-Бел” знаходзіцца пад санкцыямі Еўрапейскага саюза праз адказнасць за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі супраць дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі. Фірма каардынавала працу з уладамі Беларусі для прымусовага выкарыстання зняволеных, у тым ліку палітычных, для выканання палявых прац у бесчалавечных умовах. Зафіксаваныя факты пазбаўлення ежы і вады падчас працяглых змен, цалкам недастатковая абарона ад экстрэмальных умоў надвор’я і свавольнае пакаранне зняволеных, якія прасілі вызваліць іх ад працы па стане здароўя.