
Ганна Кенць
Кіраўнік Лідскага раёну падтрымаў вайну і прызнаўся, што ягонае сэрца належыць Расеі. Старшыня ідэалагічнага аддзелу райвыканкаму ў размове з карэспандэнткаю «Белсату», якая назвалася мясцовай жыхаркаю, заявіла, што «не бачыць нічога такога» ў адданасці беларускага чыноўніка Маскве.
Кіраўнік Лідскага райвыканкаму Аляксандр Вярсоцкі надоечы прызнаўся ў любові да Расеі. У сваім Telegram-канале чыноўнік напісаў:
«Я заўсёды адчуваў і працягваю адчуваць асаблівае пачуццё да расейцаў. Гэта не фармальнасць, не спроба падладзіцца пад сітуацыю – гэта шчырая павага, што фармавалася з дзяцінства. Маё сэрца заўсёды належала Расеі. Я заўзімаўся за яе каманды, перажываў за яе поспехі. Гэтае пачуццё – не паказное, не часовае. Я пра гэта заўсёды казаў адкрыта – і працягваю казаць».
У допісе з нагоды візіту на Лідчыну пабрацімаў з Шалаболіхінскага раёну Алтайскага краю Вярсоцкі назваў вайну ва Украіне «місіяй Расеі» і заявіў, што падтрымоўвае ўварванне:
«Як старшыня райвыканкаму я цалкам падтрымліваю тую місію, што выконвае Расейская Федэрацыя. Мы разам дапамагалі: адпраўлялі гуманітарныя канвоі, збіралі рэчы для хлопцаў на лініі баявога судакранання. Гэта наш агульны клопат, нашая агульная адказнасць».
Карэспандэнтка «Белсату», якая назвалася мясцовай жыхаркаю, паразмаўляла з кіраўніцаю аддзелу ідэалагічнай працы Лідскага райвыканкаму Ганнай Кенць. Чыноўніца назвала памылковаю выснову, што Вярсоцкі любіць Расею болей за Беларусь:
«Ён Беларусь, паверце, таксама праслаўляе ў першую чаргу. Вы добра сочыце за ягонай дзейнасцю? І што, вы хочаце сказаць, што ён Беларусь не праслаўляе? Пра Беларусь ён піша штодзень і па некалькі разоў на дзень. А вы прачыталі адно пра Расею і робіце выснову ўжо, што Беларусь у нас тут дзесьці ў заняпадзе нейкім. Але гэта вашая асабістая думка. Кожны чалавек мае права на сваю асабістую думку. Але я з вамі не згодная, што ён не выступае за Беларусь, а выступае за Расею. Гэта не так».
Галоўны ідэолаг раёну заявіла, што ў выказваннях свайго начальніка не заўважыла «нічога такога», аднак паабяцала данесці да яго «пазіцыю грамадзянаў» пра недарэчнасць для беларускага чыноўніка такой любові да «расейскага свету»:
«Я не бачу ў гэтым ніякага… Гэта ягоная асабістая думка, ён яе выказвае. Пры нагодзе мы скажам яму, што ёсць такія думкі нашых грамадзянаў».
Белсат
