фота PAP/Artur Reszko

Учора ўвечары прыкладна а 20:00 падчас спробы нелегальнага перасячэння мяжы каля вёскі Чаромха на Падляшшы дайшло да сутычкі паміж польскімі службамі і мігрантамі. Пра гэта паведаміла сёння аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы.

У паведамленні адзначаецца, што падчас спынення незаконнага перасячэння мяжы групай агрэсіўных мігрантаў вайсковец аператыўнай групоўкі атрымаў раненні, а менавіта – траўму левай рукі.

На месцы здарэння вайскоўцу была аказана першая медыцынская дапамога. Затым ён быў неадкладна дастаўлены ў бальніцу ў Беласток, дзе яму ўжо аказалі спецыялізаваную медыцынскую дапамогу. Стан салдата стабільны, пагрозы жыццю няма.

На месцы здарэння ваенная паліцыя праводзіла аператыўна-вышуковыя дзеянні.

Нагадаем, што ў чэрвені 2024 года ад раны, нанесенай мігрантамі на мяжы, памёр польскі памежнік Матэуш Сітэк. У мінулую суботу, 23 жніўня, у вёсцы Чарлёнка каля Белавежы яму быў адкрыты помнік.