
Паводле звестак праваабаронцаў, у Беларусі працягваюцца затрыманні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну» — апошнія з іх адбыліся на гэтым тыдні. Праваабаронцам вядома пра шэраг судовых працэсаў па гэтай справе — фігурантам прызначаюць ад «хіміі» да калоніі. Некаторым затрыманым падаўжаюць меру стрымання пад вартай на некалькі месяцаў.
«Вясна» мае інфармацыю пра як мінімум 53 пацверджаных (!) фігурантаў «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш.
Па звестках «Флагштока», толькі ў Гомельскай вобласці затрымана, меркавана, больш за 250 чалавек. Масавыя затрыманні адбываліся і ў Гарадзенскай вобласці, але дакладная колькасць затрыманых невядомая.
Таксама «Флагшток» паведамляе, што ў сілавікоў ёсць ID усіх, хто адпраўляў паведамленні ў «Гаюн», ёсць тэксты паведамленняў і назвы адпраўленных кожным карыстальнікам файлаў, але няма саміх файлаў, толькі «іконкі» фота і відэа.
Затрыманым сілавікі падсоўваюць відэа і фота, якія былі апублікаваныя «Гаюном», і патрабуюць прызнаць, што менавіта гэты кантэнт адправіў карыстальнік.
