28 жніўня – 75 гадоў таму ў савецкім канцлагеры загінуў Адам Чабоцька (Шабоцька), удзельнік беларускага нацыянальнага руху.

Адам Чабоцька нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў 1922 годзе ў вёсцы Католышы гміны Усялюб, што на Наваградчыне. 

У канцы 1946 году – пачатку 1947-га далучыўся да антысавецкай беларускай падпольнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі» (СВБ), дзе таксама быў яго аднавясковец Самсон Пярловіч. Зрабіў для падпольшчыкаў пячатку з выявай герба Пагоня. Галоўнай мэтай арганізацыі было аддзяліць Беларусь ад СССР і ўтварыць незалежную дзяржаву. Арганізацыя базавалася на сістэме «троек», але належнай сістэмы канспірацыі не было. Пад канец траўня 1947 году савецкія спецслужбы арыштавалі ў Баранавіцкім раёне 18 сяброў арганізацыі, якіх выдаў правакатар Алесь Бажко. Неўзабаве таксама было арыштаванае і кіраўніцтва арганізацыі, сам Адам Чабоцька быў арыштаваны 30 траўня. Быў зняволены ў Баранавіцкай следчай турме «Крывое кола». 30 жніўня 1947 году ваенны суд прысудзіў дзеячаў арганізацыі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў канцлагераў. Адам Чабоцька быў засуджаны да 10 гадоў савецкіх лагераў і 5 гадоў пазбаўлення правоў.

Зняволенне адбываў на лесапавале ў канцлагеры Усць-Вым Комі АССР, а з 1949 году — на будаўніцтве вугальных шахтаў у спецлагеры Караганды Казасхскай ССР, дзе і загінуў 28 жніўня 1950 году. Пахаваны там жа на лагерным магільніку. Не рэабілітаваны.