
Фота: 024.by
Міністэрства замежных спраў Польшчы працуе над змяненнем правілаў выдачы “карты паляка”, паведаміў кіраўнік ведамства Радаслаў Сікорскі. У сацсетцы Х міністр замежных спраў адказаў на адпаведнае пытанне дэпутата Сейма ад кансерватыўнай кааліцыі “Канфедэрацыя” Пшэмыслава Віплера.
Паводле слоў Сікорскага, цяперашнія правілы выдачы дакумента з’яўляюцца “рэальнай праблемай”. “Мы ліквідуем прынятыя ў спадчыну [ад мінулага ўраду] паталогіі ў міграцыйнай палітыцы”, — заявіў кіраўнік МЗС.
Яшчэ у красавіку гэтага года паведамлялася, што Польшча пераглядзіць палажэнні закона аб “карце паляка” ”. Гэта прадугледжана стратэгіяй супрацы з польскай дыяспарай і палякамі за мяжой да 2030 года, прынятай урадам краіны.
“Паколькі ў апошнія гады “карта паляка” ў значнай ступені садзейнічала легальнай міграцыі ў Польшчу, змяненні павінны ўключаць, у прыватнасці, скасаванне палажэнняў аб крытэрыі актыўнасці ў польскіх грамадскіх арганізацыях на карысць ведання польскай мовы і польскай культуры”, — адзначаецца ў дакуменце. Прапануецца “пастрожыць сістэму выдачы вышэйзгаданых дакументаў”.
