Беларускі паэт, гісторык, педагог Эдуард Мазько (многія ведалі яго найперш як літаратара Едруся Мазько) нарадзіўся 29 жніўня 1970 года ў вёсцы Махро Іванаўскага раёну. Дзяцінства прайшло ў краі маляўнічым і амаль казачным – на Палессі. Але асноўная частка яго жыцця звязаная з Гародняй. Пасля школы ён паступіў вучыцца ў Гародню на гісторыка, жыў у студэнцкім інтэрнаце па вуліцы Даватара. У 1992 годзе Эдуард Мазько скончыў гістарычны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Нейкі час працаваў у музеі Максіма Багдановіча, якім творча кіравала паэтка Данута Бічэль-Загнетава. У 1990-ыя гады актыўна пісаў і друкаваў вершы. Уваходзіў у верш-гурт “Дыяген” – суполку гарадзенскіх паэтаў, іншыя нефармальныя моладзевыя згуртаванні. Вучыўся ў аспірантуры ўніверсітэту, пазней выкладаў у купалаўскім універсітэце сацыялогію культуры і культуралогію.

У 2003 годзе Эдуард Мазько абараніў кандыдацкую дысертацыю пра Беларускую хрысціянскую дэмакратыю ў міжваенны час, працаваў у архівах, пісаў доктарскую дысертацыю, прысвечаную беларускай народнай культуры. Яго, як даследчыка Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, ведалі не толькі ў Беларусі, але і ў акадэмічных асяродках Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны. 

20 чэрвеня 2011 года Мазько на сорак першым годзе жыцця заўчасна і раптоўна памёр у Гародні. І хоць ён меў хранічныя хаваробы, смерць была дастаткова загадкавай і незразумелай. Адпяванне прайшло у гарадзенскай праваслаўнай Царкве Усіх Святых. Пахаваны Эдуард Мазько на могілках у горадзе Масты на радзіме жонкі Галіны.

Едрусь Мазько гарадзенцам быў ведамы хіба больш як паэт, чым як навуковец. У розны час ён падпісваў свае творы па-рознаму: Едрусь Мазько, Эдзік Мазько, Эдуард Мазько. Ягоныя радкі “насыплю ў імбрычак самоту тваіх вачэй, будзем піць з табою гарбату адзіноты” былі культавымі сярод гарадзенскай адраджэнскай моладзі канца васьмідзесятых гадоў. Ягоная паэзія вартая не аднаго літаратурнага альманаха і ўвагі літаратурных крытыкаў. Яна ўвабрала ў сябе ўсе колеры гістарычнай Гародні, усе мелодыі сучаснага Гродна. Лабірынты начных вулак, анёлы “са шпілю пекнай фары”, святло неонавых рэкламаў – усё гэта свет Эдзіка Мазько. Ягоныя вершы поўняцца жыццём, але ў той самы час цень трагічнасці вострым лязом кладзецца на кожны радок, кожны гук.

Вось як пра Едруся Мазько сказаў ягоны сябра, таксама літаратар, Юрась Пацюпа: “Вершы былі нестандартныя, нялегкія да запамінання. Ён пачынаў з верлібраў. Між іншым, вялікі ўплыў на яго зрабіла беластоцкая паэзія і асабліва Надзея Артымовіч. Яны сябравалі. Менавіта пад яе ўплывам ён і стаў так пісаць, як пісаў. Ён заўжды лічыў яе сваёй настаўніцай. У яго ёсць вершы прысвечаныя Беласточчыне, Бельску Падляскаму. Цікава, што ён сам родам з Кобрыньшчыны, мясцовасці, дзе мова беларуская адрозніваецца ад літаратурнай мовы, таксама як і многія беластоцкія гаворкі. У 1980-ыя гады ў яго быў нават шэраг вершаў напісаных на палескім дыялекце, менавіта на мясцовым кобрыньскім дыялекце. Быў захоплены творчасцю Надзеі Артымовіч, якраз яе творчасць натхняла яго і была ўзорам”.

У 2012 годзе ў Варшаве выйшла пасмяротная кніга паэзіі Эдуарда Мазько пад назвай “Займеннікі”. У Гародні праходзіла некалькі вечарынаў памяці паэта і навукоўца.