
110 гадоў таму (1915) – У в. Глоўсевічы (Слонімскі р-н) нарадзіўся Іван Хомчык, удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля на Слонімшчыне ў 1946-47 гг.
Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе ў сваёй вёсцы Глоўсевічы. Перад Другой сусветнай вайной служыў у Польскім Войску ў Гдыні, дзе і заспела яго вайна. У верасні 1939 году трапіў да нямецкага палону. У родную вёску Глоўсевічы вярнуўся ў канцы вайны. Пасля працаваў на сельскай гаспадарцы, а з арганізацыяй савецкіх саўгасаў — на Глоўсевіцкім участку саўгаса «Пераможац».
На пачатку 1946 году далучыўся патрыятычнай сацыял-дэмакратычнай падпольнай беларускай арганізацыі “Чайка”, якая планавала змаганне за нацыянальныя правы, годнасць, культуру, мову, гісторыю, свабоду і незалежнасць Беларусі. Кіраваў падпольнай групай вясковай моладзі ў Глоўсевічах.
У сярэдзіне 1947 году «Чайку» выкрылі савецкія спецслужбы пасля арыштаў сябраў Саюза вызвалення Беларусі, якія былі выдадзены ўладам Алесем Бажко. Пасля гэтага пачаліся арышты ўдзельнікаў “Чайкі”, бо некаторыя сябры «Чайкі» утрымлівалі сувязь з СВБ у выніку канспірацыйнай памылкі. Але група Івана Хомчыка не трапіла пад рэпрэсіі і ніхто з яе ўдзельнікаў не быў арыштаваны, бо без цэнтральнага кіраўніцтва падпольная група спыніла сваю дзейнасць.
Памёр Іван Хомчык 4 чэрвеня 1984 году у роднай вёсцы Глоўсевічы.
