
Вашай увазе каляндар круглых і юбілейных датаў Гарадзеншчыны на верасень 2025 году.
1 верасьня
Сусьветны дзень міру.
590 гадоў таму (1435) – Перамога літоўска-польскага войска над Сьвідрыгайлам у бітве пад Вількамірам на рацэ Швянтоі (цяпер на тэрыторыі Летувы) у час грамадзянскай вайны ў ВКЛ.
35 гадоў таму (1990) – У Гародні адкрылася вышэйшая каталіцкая духоўная семінарыя.
2 верасьня
110 гадоў таму (1915) – Расейскія войскі ў выніку падзей першай сусветнай вайны пакінулі Гародню.
3 верасьня
110 гадоў таму (1915) – Гародню акупавалі нямецкія кайзераўскія войскі (да 27 красавіка 1919 г.).
65 гадоў таму (1960) – У Гародні памёр Міхась Васілёк (сапр. Касьцевіч), беларускі паэт, актывіст Грамады, ТБШ. Пахаваны ў Гародні на старых праваслаўных могілках.

45 гадоў таму (1980) – У Менску памёр Мікола Дучыц, беларускі мастак. Нараджэнец Любчы.

5 верасьня
185 гадоў таму (1840) – У в. Балванішкі (цяпер Зялёны Бор, Ашмянскі р-н) нарадзіўся Зыгмунт Мінейка, удзельнік паўстаньня 1863 году, літвінскі і грэцкі грамадскі дзеяч, этнограф, калекцыянер, мемуарыст.

6 верасьня
10 гадоў таму (2015) – У Шчучыне ў Дзень беларускага пісьменства адкрыты адноўлены былы палац князёў Друцкіх-Любецкіх.

8 верасьня
Дзень беларускай вайсковай славы. У 1514 годзе ў бітве пад Воршай войскі ВКЛ на чале з Канстанцінам Астрожскім разграмілі маскоўскае войска.

20 гадоў таму (2005) – У Гальшанах адбылося адкрыццё помнага знака-каменю Соф’і Друцкай (Гальшанскай).
10 верасьня
35 гадоў таму (1990) – У Бруселі памёр Міхась Саўка, беларускі і бельгійскі мастак-рэстаўратар, мастацтвазнавец, археолаг. Нараджэнец в. Загора (Карэліцкі р-н).
12 верасьня
295 гадоў таму (1730) – У г. Высокае нарадзіўся Аляксандар Міхал Сапега, дзяржаўны, ваенны і культурны дзеяч ВКЛ. Валодаў Зэльвай, Дзярэчынам, Лунам.
80 гадоў таму (1945) – У в. Дамашы (Маладэчанскі р-н) нарадзіўся Рыгор Семашкевіч, беларускі паэт, празаік, літаратуразнавец, крытык. У 1966-1977 гг. працаваў дырэктарам Малінаўскай школы Смаргонскага р-ну.

13 верасьня
150 гадоў таму (1875) – У в. Асавец (Кобрыньскі пав.) нарадзіўся Сяргей Паўловіч, праваслаўны свецкі і культурна-асьветны дзеяч у Заходняй Беларусі, багаслоў, педагог, пісьменнік, публiцыст i выдавец. У 1913-18 гадах – iнспектар народных школ у Ваўкавыскiм павеце.

90 гадоў таму (1935) – У Гародні памерла Марыя Гажыч (дзявочае Хшчаноўская), мастачка, рэстаўратарка, якая жыла ў Гародні, часта наведвала родавы маёнтак Сегенеўшчына (Ваўкавыскі р-н). Выканала шэраг абразоў для гарадзенскіх касьцёлаў. Пахавана на старых каталіцкіх могілках.

Марыя Гажыч, аўтапартрэт
14 верасьня
25 гадоў таму (2000) – У г. Сомэрсэт (штат Нью-Джэрзі) памерла Галіна Русак (Родзька), беларуская мастачка-эмігрантка (з 1949 г. жыла ў ЗША). Пахавана на беларускіх могілках у Нью-Брансьвіку. Нараджэнка Наваградку.

15 верасьня
195 гадоў таму (1830) – У Гародні была адчынена публічная бібліятэка (цяперашняя абласная бібліятэка імя Яўхіма Карскага).
180 гадоў таму (1845) – У маёнтку Юзэфаў (Люблінскае ваяв., Польшча) памёр Францішак Ксаверы Несялоўскі, удзельнік паўстаньняў 1794 г. (ваяваў на Гарадзеншчыне), 1830 гг. Меў родавы маёнтак у Варончы (Карэліцкі р-н).
16 верасьня
200 гадоў таму (1825) – Памёр Францішак Карпінскі, паэт-сентыменталіст, асьветнік. Жыў у сваім маёнтку Хорашаўшчына (Сьвіслацкі р-н).
105 гадоў таму (1920) – У Наваградку заснаваны дом-музей Адама Міцкевіча.
85 гадоў таму (1940) – У Вільні памёр Сяргей Паўловіч, праваслаўны свецкі і культурна-асьветны дзеяч у Заходняй Беларусі, багаслоў, педагог, пісьменнік, публiцыст i выдавец. У 1913-18 гг. – iнспектар народных школ у Ваўкавыскiм павеце. Пахаваны на віленскіх Літоўскіх могілках.
60 гадоў таму (1965) – У Берасьці ў выніку зьбіцьця невядомымі загінуў Адам Трыпус, беларускі вайсковец, настаўнік. Пахаваны на берасьцейскіх Трышынскіх могілках. Нараджэнец Вялікай Бераставіцы.

17 верасьня
435 гадоў таму (1590) – Ліда атрымала права на герб – поле тарчы падзелена на дзьве часткі: правая – чырвонага колеру з залатым ільвом, левая – блакітная з двума скрыжаванымі ключамі.
165 гадоў таму (1860) – У в. Збочна (Слонімскі р-н) нарадзіўся Кандрат Лейка, беларускі пісьменьнік, педагог.

20 гадоў таму (2005) – У Лідзе пачаўся двухдзённы Міжнародны рыцарскі турнір “Замак Гедыміна”.
18 верасьня
135 гадоў таму (1890) – У в. Дольныя Малевічы (Сакольскі пав.) нарадзіўся Язэп Бойка (Байко), беларускі каталіцкі сьвятар. Працаваў у Ельні (Лідзкі р-н), Поразаве (Сьвіслацкі р-н). Летам 1943 г. спалены разам з іншымі жыхарамі Налібакаў. Паводле іншай версіі расстраляны ў Налібоцкай пушчы 6 ці 7 жніўня.
19 верасьня
295 гадоў таму (1730) – Каранацыя залатымі папскімі каронамі Жыровіцкага цудатворнага абраза Маці Божай і Ісуса.
У 1991 годзе Вярхоўны Савет Беларусі прыняў пастанову аб зьмене назвы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на Рэспубліку Беларусь. Дзяржаўным гербам была зацьверджана “Пагоня”, Дзяржаўным сьцягам – бела-чырвона-белы сьцяг.
22 верасьня
145 гадоў таму (1880) – Памёр Уладзіслаў Сымановіч (нар.каля 1831 г. у Вільні), беларускі лекар, удзельнік паўстаньня 1863-64 гг. на Слонімшчыне.
50 гадоў таму (1975) – У Слоніме памёр Павал Крынчык, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, актывіст ТБШ. Нараджэнец в. Едначы (Слонімскі р-н). Пахаваны ў Слоніме.

15 гадоў таму (2010) – У Лідзе адкрыты Дом паэта Валянціна Таўлая як аб’ект Лідскага гісторыка-мастацкага музея.
23 верасьня
15 гадоў таму (2010) – У вёсцы Пеляса (Вараноўскі р-н) адкрыты драўляны помнік вялікаму князю Вітаўту (аўтар – Альгімантас Сакалаўскас).
24 верасьня
210 гадоў таму (1815) – У Вільні нарадзілася Габрыэля Альбіна Пузына, беларуская паэтка, мемуарыстка. Жыла ў Дабраўлянах і Нястанішках (Смургонскі р-н).
115 гадоў таму (1910) – У Слоніме заснавана жаночая гімназія.
25 верасьня
180 гадоў таму (1845) – Памёр Юстын Нарбут, гісторык, удзельнік паўстаньня 1794 г., стрыечны брат Тодара Нарбута. Нараджэнец Юршышчаў (Лідзкі пав.). Пахаваны ў Вільні.
80 гадоў таму (1945) – У Любліне памёр Багдан Келес-Краўзэ, польскі архітэктар і мастак. Пахаваны на люблінскіх могілках па вуліцы Ліпавай. Нараджэнец в. Ракавічы (Шчучынскі р-н).
26 верасьня
135 гадоў таму (1890) – У в. Гернікі (Дзятлаўскі р-н) нарадзіўся Іосіф Мацюкевіч, беларускі мовазнавец.
27 верасьня
Сусьветны дзень турызму.
29 верасьня
120 гадоў таму (1905) – У Пецярбургу нарадзіўся Сяргей Розмысл, палітычны і вайсковы дзеяч БКА на Лідчыне, дзяч эміграцыі (Нямеччына, Аўстралія). Сям’я жыла ў Гудзінішках (Вараноўскі р-н).
30 верасьня
135 гадоў таму (1890) – У в. Абрамаўшчына (Смургонскі р-н) нарадзіўся Антон Ляшчэвіч, беларускі рымска-каталіцкі сьвятар-марыянін, блаславёны.

20 гадоў таму (2005) – У Гародні памёр Зьміцер Кісель, беларускі грамадзкі дзеяч, журналіст. Пахаваны на могілках па прасп. Касманаўтаў.

