
З 1 кастрычніка змяняецца парадак разліку аплаты за камунальныя паслугі для не занятых у эканоміцы грамадзянаў, паведаміла намесніца начальніка ўпраўлення эканомікі Міністэрства ЖКГ Анастасія Маліноўская.
Змяненне падыходаў да налічэння платы за жыллёва-камунальныя паслугі ў жылых памяшканнях, якія належаць беспрацоўным, прапісанае ў пастанове ўраду № 465 ад 27 жніўня 2025 года, якая набывае моц 1 кастрычніка 2025 года.
Сума аплаты за камунальныя паслугі ў кватэры, якая належыць беспрацоўнаму, будзе залежаць ад таго, ці зарэгістраваны ўласнік у такой кватэры, а таксама ад колькасці жыльцоў.
«Напрыклад, кватэра плошчай 60 квадратных метраў належыць грамадзяніну, не занятаму ў эканоміцы, і ён у гэтай кватэры зарэгістраваны па месцы жыхарства. І разам з ім пражываюць яшчэ два грамадзяніны. Адпаведна, напрыклад, паслуга цеплазабеспячэння налічваецца прапарцыйна колькасці жыльцоў, то бок 60 квадратных метраў дзелім на траіх, атрымліваецца, у дачыненні 20 квадратных метраў прымяняюцца падвышаныя тарыфы. Адпаведна, астатнія 40 квадратных метраў – паводле субсідаваных тарыфаў», – растлумачыла Анастасія Маліноўская бягучую сітуацыю.
З 1 кастрычніка ў выпадку, калі ўласнік кватэры афіцыйна не працуе, «эканамічна абгрунтаваныя тарыфы» будуць прымяняцца ў дачыненні да 100% аб’ёму спажываных паслуг: ацяплення, падагрэву вады, газазабеспячэння. Незалежна ад таго, зарэгістраваны не заняты ў эканоміцы ў сваім жытле ці не і колькі чалавек жывуць разам з ім.
Сярод іншых змяненняў, прадугледжаных пастановай, – падаўжэнне тэрміну звароту па пераразлік камунальных паслуг у выпадку адсутнасці на месцы пражывання: у будучыні гэта можна будзе зрабіць цягам месяца.
З 1 кастрычніка са згоды ўласніка жылога памяшкання квітанцыі на аплату жыллёва-камунальных паслуг будуць накіроўвацца яму толькі ў электронным выглядзе.
Апошнім часам у Беларусі асабліва моцна ўзяліся за «дармаедаў». Міліцыя дасылае ім позвы, выклікаючы на «прафілактычныя мерапрыемствы». У выпадку ігнаравання позвы чалавека могуць пакараць адміністратыўна за непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі. Пры гэтым адпраўляць людзям без працы позвы – незаконна, бо ні ў Адміністрацыйным, ні ў Крымінальным кодэксах няма адказнасці за беспрацоўе.
Белсат
