
У Беларусі афіцыйна набыў моц новы парадак блакавання інтэрнэт-рэсурсаў. Згодна з ім сілавыя органы атрымалі права абмяжоўваць доступ да сайтаў, а таксама часова ці канчаткова адключаць абанентаў ад сувязі і інтэрнэту. Адпаведная пастанова Саўміна з’явілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Цяпер Генпракуратура, КДБ, Следчы камітэт ці МУС могуць падаваць хадайніцтвы аб блакаванні сайтаў, інтэрнэт-рэсурсаў ці асобных паслуг сувязі. Пасля гэтага Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі ўносіць у спецыяльны спіс адпаведныя дамены, IP-адрасы або URL. Аператары абавязаныя паставіць заглушкі на такія сайты цягам чатырох гадзін.
Доступ можа быць адноўлены пасля ліквідацыі парушэнняў. Пры гэтым рашэнне будзе прымаць ўпаўнаважаная асоба, але ў выпадку адмовы ўладальнік рэсурсу або абанент можа абскардзіць яго.
Тое самае датычыць паслуг сувязі: абанента могуць часова адключыць ад паслуг або цалкам скасаваць дагавор, калі ён парушае правілы.
