
Нарадзіўся Зыгмунт Мінейка 5 верасня 1840 году ў вёскі Балванішкі на Ашмяншчыне непадалёк мястэчка Баруны. У 1969 годзе Балванішкі саветамі былі перайменаваны ў Зялёны Бор. Вядома, што вучыўся Мінейка спярша ў Віленскай гімназіі. З гэтага перыяду захавалася гісторыя, калі навучэнцы складалі прысягу цару Аляксандру ІІ. Мінейка ў час цырымоніі на падпісным лісце пакінуў прыдуманае прозвішча і такім чынам лічыў сябе вольным ад гэтай прымусовай прысягі. Потым ён вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце. Напярэдадні збройнага чыну разносіў сярод насельніцтва “Гутарку старога дзеда” на беларускай мове, якую склаў хутчэй усяго Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і якая была надрукавана ў беластоцкай друкарні. Мінейку высачылі і ён быў змушаны выехаць за мяжу. Урэшце апынуўся ў італьянскай Джэнаве, дзе Джузэпэ Гарыбальдзі адкрыў вайсковую школу для маладых выхадцаў з зямель былой Рэчы Паспалітай.

Калі надышоў час вызвольнага паўстання 1863 года, Мінейка вярнуўся, спярша быў у атрадзе М. Лягневіча, пасля сам стаў палявым камандзірам, паўстанцкім ваенным начальнікам Ашмянскага павета, меў псеўданім Мацей Баравы. 15 чэрвеня 1863 года атрад Мінейкі быў разбіты каля мясцовасці Расолішкі. Яго камандзір захоплены ў палон і прыгавораны да смяротнага пакарання. Заплаціўшы хабар, удалося змяніць прысуд на 12 гадоў катаргі ў Сібіры на Нерчынскіх капальнях. Але Мінейка і ня думаў скарацца. У высылцы ён стаў адным з кіраўнікоў палітычных катаржанаў. Гісторыя ж яго уцёкаў заслугоўвае асобнага гістарычнага рамана. На адным з этапаў Зыгмунт бярэ сабе імя памерлага сябра, які быў засуджаны толькі на пасяленне. Паведаміўшы канвою пра сваю “смерць”, ён пасяляецца ў Томску. А пазней пад выглядам сібірскага купца трапляе на прыём да пецярбургскага генерал-губернатара і дамагаецца для сябе замежнага пашпарту.
За мяжой Мінейка ў 1868 годзе скончыў акадэмію генштабу ў Парыжы, але не захацеў ваяваць у складзе легіёну ў Алжыры. Таму ў 1891 годзе пераехаў у Грэцыю, удзельнічаў у Балканскай вайне з Турцыяй за Крыт. Менавіта ён арганізаваў захоп турэцкай фартэцыі Яніна, што прынесла грэкам бліскучую перамогу. Вызначыўся Зыгмунт Мінейка і як інжынер-праектант. Славу яму прынесла будаванне дарог і мастоў. Удзельнічаў ён таксама ў археалагічных экспедыцыях, адна з іх завяршылася сенсацыйным адкрыццём храма Зеўса ў Дадоне, пра які пісаў яшчэ Сакрат.

Дадона
Іншымі яго захапленнямі былі этнаграфія і калекцыянаванне. Калі ж надышла пара першых алімпійскіх гульняў сучаснасці ў 1896 годзе ў Афінах, асвятляў спаборніцтвы як сапраўдны рэпарцёр.

Стадыён у Афінах
Першы раз пасля ўцёкаў з Сібіры наведаў радзіму ў 1911 годзе. У 1922 і 1923 гадах наведаў Польшчу, дзе сустрэўся з маршалам Пілсудскім і атрымаў узнагароды за ўдзел у паўстанні 1863 года. Зыгмунт Мінейка – ганаровы грамадзянін Грэцыі. У гэтай краіне ён ажаніўся з Празерпінай Манарыс, іхная дачка Зоф’я – жонка Георгіяса Папандрэу-старэйшага, вядомага грэцкага палітыка. Адпаведна Андрэас Папандрэу, яшчэ адзін папулярны палітык – унук Мінейкі.

Памёр Зыгмунт Мінейка 27 снежня 1925 году ў Афінах. На яго пахаванне ў сталіцу Грэцыі прыехалі тысячы масонаў, паколькі ён належаў да масонскіх ложаў Расійскай імперыі, Францыі, Італіі, Грэцыі. Пра Мінейку на землях старажытнай Элады ведаюць многія, памяць захоўваецца ў грэцкіх музеях. У 2017 годзе у Мінску выйшлі мемуары па-беларуску: «З тайгі пад Акропаль. Успаміны з 1848-1866 гадоў».

