Такі законапраект прыняў Пастаянны камітэт Рады міністраў Польшчы 4 верасня. Калі яго падпішуць, Фонд сацыяльнага страхавання (ZUS) пачне штомесяц правяраць законнасць атрымання замежнікамі дзіцячай дапамогі «800+».

Працу паводле новых правілаў растлумачыў РАР намеснік міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Мацей Душчык. Ён падкрэсліў, што калі замежнікі былі эканамічна актыўныя, а іхныя дзеці хадзілі ў польскую школу, то дапамога захаваецца, калі правілаў не прытрымліваліся – яе пазбавяць. Палякаў новаўвядзенні не закрануць, гэтак жа як і атрымальнікаў дапамогі на дзяцей з інваліднасцю (дапамогу выплацяць у кожным разе).

«ZUS будзе аўтаматычна правяраць кожны месяц, ці была эканамічная актыўнасць замежніка (і гэта датычыць не толькі ўкраінцаў) у папярэднім месяцы. Калі так, то дапамога будзе выплачаная. Праект мае комплексны характар, гэта значыць, што яго мэта сярод іншага – заахвоціць замежнікаў да працаўладкавання ў Польшчы», – кажа Мацей Душчык.

На гэты момант штомесяцавая дапамога 800 злотых выплачваецца на кожнае дзіця да 18 гадоў, калі хаця б адзін з бацькоў мае доступ да рынку працы, незалежна ад даходу сямʼі.

Паводле звестак на канец ліпеня 2025 года, у Польшчы 21,9 тысячы беларускіх дзяцей атрымлівалі дапамогу «800+», паведамляла RMF24 са спасылкаю на звесткі ZUS. 

Агулам гэтую дапамогу ў Польшчы атрымалі 276,6 тысячы дзяцей-замежнікаў. На першым месцы – украінцы, 224,7 тысячы. Беларускія дзеці – на другім месцы паводле колькасці атрымальнікаў дапамогі, 21,9 тысячы. За імі – дзеці з Румыніі, 6,6 тысячы, а таксама з Расеі – 3,3 тысячы.

Белсат