фота ілюстрацыйнае

Беларусам пачалі прыходзіць СМС-паведамленні з папярэджаннямі на тэлефон ад МУС за парушэнне Правілаў дарожнага руху пры кіраванні роварам.

Паведамленне выглядае такім чынам: «Наконт парушэння (нумар парушэння) паводле арт. 18.20 ч. 1 (дата парушэння) Вы папярэджаныя».

На гэта звярнуў увагу адзін з менскіх блогераў. Ён адзначыў, што «камеры пачалі фіксаваць тых, хто не спешваецца ў патрэбных месцах».

На скрыншоце, які ён прывёў у сваім тэлеграм-канале, дзяўчына, якая атрымала такое паведамленне, тлумачыць: «Гэта не за паркоўку. Так працуе новы закон для раварыстаў. З 1 верасня раварыст павінны спыніцца перад кожным пераходам без вынятку. Ловіць камера (а яны цяпер паўсюль) і высылаецца папярэджанне. А пасля і штраф. Майце на ўвазе, калі хто думае: не злоўлены – не залічаны».

У паведамленні згадваецца артыкул 18.20 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях «Парушэнне Правілаў дарожнага руху пешаходам і іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху або адмова ад праходжання правярання (асведчання)». За парушэнне часткі 1 гэтага артыкулу кіроўца ровара можа атрымаць штраф ад адной да трох базавых велічыняў.

Нагадаем, што з 1 верасня пачалі дзеяць новыя Правілы дарожнага руху: цяпер спешвацца з ровара трэба каля кожнага пешаходнага пераезду, калі на ім не ўсталяваныя святлафоры для раварыстаў.

Белсат