Група еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў, у якую ўваходзіць польская партыя «Права і справядлівасць» у Еўрапейскім парламенце, у аўторак у Страсбургу вырашыла рэкамендаваць на прэмію Сахарава Анджэя Пачобута, гарадзенскага журналіста і актывіста польскай меншасці, які знаходзіцца ў турме ў Беларусі, паведаміла @byplradio.

Прэмія імя Сахарава за свабоду думкі, якая прысуджаецца Еўрапейскім парламентам з 1988 года, ёсць найвышэйшай узнагародай Еўразвязу ў галіне правоў чалавека. Першымі лаўрэатамі былі Нэльсан Мандэла і Анатоль Марчанка.

Кожны верасень сябры Еўрапарламента могуць вылучаць кандыдатаў на прэмію імя Сахарава. Кожны кандыдат павінен мець падтрымку не менш за 40 членаў Еўрапарламента, прычым кожны сябра Еўрапарламента можа падтрымаць толькі аднаго кандыдата.

Анджэй Пачобут быў арыштаваны ў сакавіку 2021 года ў Гародні, а 8 лютага 2023 года яму прысудзілі восем гадоў пазбаўлення волі.