
Стала вядома, што грамадзяніна Беларусі, затрыманага за шпіёнскую дзейнасць у Польшчы, завуць Уладзіслаў Надзейка, піша Reform.news («Рэформ» памылкова называе яго прозвішча як «Найдзека»). Ён быў членам Беластоцкай харугвы «Паспалітае рушэнне».
8 верасня супрацоўнікі Агентства ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) затрымалі 33-гадовага Надзейку. Яму выстаўлена абвінавачанне ва ўдзеле ў дзейнасці замежнай разведкі супраць Польшчы.
Раней КДБ Беларусі прызнаў «Беларускую грэнадзёрскую харугву» і звязаны з ёй чат у тэлеграме экстрэмісцкімі фарміраваннямі, а сярод каля трох дзясяткаў чалавек, якія нібыта мелі дачыненне да яе дзейнасці, фігуруе і Надзейка.
У інтэрнэце цяжка знайсці фоты гэтага маладога чалавека, але адшукваецца інфармацыя, што ў 2011 годзе нейкі Уладзіслаў Надзейка быў кіраўніком студэнцкага самакіравання юрфака Гродзенскага ўніверсітэта.
У сеціве таксама можна знайсці інфармацыю, што Надзейка зарэгістраваў у Польшчы індывідуальнае прадпрыемства па перавозцы людзей, якое цяпер закрытае. Раней венгерскія СМІ паведамлялі, што да справы аб разгроме шпіёнскай сеткі КДБ у Еўропе мае дачыненне беларус — апазіцыйны актывіст, які працуе таксістам і жыве на польска-беларускім сумежжы.
Пра затрыманне Надзейкі і высылку з краіны беларускага дыпламата паведаміў 9 верасня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.
