
У ліку вызваленых 11 верасня палітвязняў Галіна Дзербыш з мястэчка Абухава, што пад Гародняй.
Галіна Дзербыш – грамадская актывістка з мястэчка Абухава. Многія гады яна змагалася з несправядлівасцю і беззаконнем мясцовай улады, пісала скаргі, бараніла свае правы і іншых.
Гарадзенскі абласны суд (суддзя Максім Філатаў) 17 кастрычніка 2022 году агучыў прысуды дванаццаці фігурантам “справы Аўтуховіча”. Вольгу Маёраву і Галіну Дзербыш засудзілі да 20 гадоў калоніі. Галіну звінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу – паводле ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі), ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму, здзейснены групай асобаў), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам). Жанчына абсалютна не прызнала сваю віну.
Яшчэ ў лютым 2021 года КГБ унёс палітзняволеную ў спіс “асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.
Галіна Дзербыш мае інваліднасць другой групы, у яе анкалагічнае захворванне і праблемы з сэрцам. Яе жыццё ў гомельскай калоніі №4 цэлы час было пад пагрозай. Зараз жанчына пасля фактычнай дэпартацыі з роднай краіны апынулася ў выгнанні.
