Адзін з вызваленых лукашэнкаўскім рэжымам зняволеных адмовіўся пераходзіць мяжу ў Літву, пацвердзілі LRT у Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы. Гэты чалавек — Мікола Статкевіч. Літоўскія памежнікі зафіксавалі, што ён з нейтральнай зоны пайшоў назад углыб тэрыторыі Беларусі.

«Ён знаходзіўся на тым баку і ў Літву не пераходзіў, спробаў перасячы мяжу не было. Цяпер яго ўжо няма, бо ён пайшоў углыб пункта», — сказаў прадстаўнік Памежнай службы Гедрус Мішуціс.

Ён таксама зняпраўдзіў інфармацыю, якая з’яўлялася ў сацсетках, што такіх беларускіх зняволеных, якія адмовіліся пераходзіць у літву, было больш. Сярод такіх, у прыватнасці, называліся імёны Уладзіміра Мацкевіча, Генадзя Фядыніча і Максіма Вінярскага.

На пытанне, ці пайшоў Статкевіч назад па ўласнай волі, Гедрус Мішуціс адзначыў, што яго суправаджалі некалькі беларускіх службоўцаў, але ішоў ён сам.