Польшча абмежавала палёты ўздоўж межаў з Беларуссю і Украінай. Пра гэта паведаміла аперацыйнае камандаванне відаў Узброеных сіл Польшчы.

Гэта адбылося пасля ўчарашняй начной масіраванай атакі расейскіх дронаў на тэрыторыю Польшчы.

Абмежаванне на палёты разлічанае на тры месяцы. Яно пачало дзеіць з 22.00 10 верасня і працягнецца да 23.59 9 снежня 2025 года.

Паведамляецца, што ўздоўж межаў з Беларуссю і Украінай ад заходу да ўзыходу сонца у вызначанай зоне дзеіць поўная забарона на палёты за выняткам ваенных самалётаў. Ад усходу да заходу сонца ў беспалётнай зоне дзеіць шэраг выключэнняў. Пад іх трапляюць ваенныя і ўрадавыя самалёты, медыцынская авіяцыя і шэраг іншых службаў. Таксама вынятак зроблены для пілатаваных паветраных суднаў, якія выпраўляюцца ў палёт пасля падачы плана палёту і выконваюць шэраг пэўных патрабаванняў.

Палёты грамадзянскіх беспілотнікаў у гэтай зоне забароненыя кругласуткава.