На прэс-канферэнцыі вызваленых палітвязняў у Вільні Мікола Дзядок расказаў пра жахлівыя ўмовы зняволення ў гарадзенскай турме, дзе сядзеў досыць значны час. Ён расказаў, што там фактычна няма медыцынскай дапамогі і хворым людзям зусім не дапамагаюць. Адказныя за гэта медыкі могуць пачаць нешта рабіць толькі тады, калі хворы чалавек зусім губляе прытомнасць і падае.

Менавіта ў гэтай турме і загінуў, фактычна быў закатаваны ўмовамі зняволення, мастак Алесь Пушкін, у якога была прабадная язва і якому не здзяйснялі медыцынскай дапамогі, а пачалі нешта рабіць, калі ўжо было позна.

Мікола Дзядок таксама зрабіў агульную выснову пра сённяшнюю сістэму ў Беларусі: «Негвалтоўны супраціў не працуе, калі такі тэрор, як у лукашэнкаўскай Беларусі. Гэтыя гады ў Беларусі — гэта як новы 37-ы год».

Дзядок звярнуўся да палітычных эліт Захаду з заклікам не спыняцца змагацца за вызваленне палітвязняў Беларусі.