
Вызвалены горадзенскі журналіст Павал Мажэйка расказаў Свабодзе пра сустрэчу зь дзецьмі, допіс Трампа і мрою пра піцу.
«Усе мы бачылі твіт прэзыдэнта Амэрыкі»
Паўла Мажэйку выпусьцілі з турмы і дэпартавалі зь Беларусі 11 верасьня, у групе паўсотні палітвязьняў.
Празь некалькі гадзін пасьля вызваленьня ў размове са Свабодай ён адзначыў, што эмоцый шмат.
«Безумоўна, я задаволены, рады. Як бы мы ні казалі, што мы прызвычаіліся, што мы прыстасаваліся да ўмоваў дзяржаўных калёній, сьледчых ізалятараў, у любым выпадку гэта пекла. Для кагосьці большае, для кагосьці трошкі лягчэйшае, але ў цэлым гэта пекла. Я задаволены, што я ўжо ня там», — сказаў ён.
Мажэйка кажа, што яму ніхто не тлумачыў, куды яго вязуць. Але ён мог здагадвацца, бо ведаў, што ўжо год ідуць падобныя вызваленьні.
Яго пільна выклікалі з рэчамі, калі ён галіўся, а шостай ранку.
«Натуральна, што ўсе мы бачылі твіт прэзыдэнта Амэрыкі пра 1300 чалавек. Разумелі, што гэта ўсё бурліць», — кажа Павал пра тое, што допіс Трампа паказвалі на адным з дзяржаўных беларускіх ці расейскіх тэлеканалаў, якія ідуць у калёніі.

Злавіў дыназаўра
Эмацыйнай была сустрэча зь дзецьмі пасьля больш як трохгадовага перапынку. Малодшаму сыну не было трох гадоў, калі бацьку затрымалі. Цяпер яму шэсьць. Павал кажа, што малы пры сустрэчы ведаў, што перад ім тата.
«І для яго, і для мяне гэта такі момант… Патрабуецца яшчэ час на знаёмства, час на прыцірку. Безумоўна, мы адно аднаму рады. Эмоцыі, як бы ты сабе ні ўяўляў гэтыя сустрэчы, немагчыма ўсё прадбачыць. Былі і пахлюпваньні носам. Але ў цэлым усё добра», — дзеліцца ён.
Мажэйка дадае, што амаль штотыдзень атрымліваў ад сына лісты з малюнкамі.
«Я вельмі прасіў усю сям’ю зь ім размаўляць пра мяне, каб гэтая сувязь, гэтая нітачка заставалася, ня важна, колькі я буду сядзець у гэтай турме. Таму ён быў падрыхтаваны», — мяркуе суразмоўца.
Сын захапляецца дыназаўрамі. Пакуль Павал быў за кратамі, маці расказвала малому легенду пра тое, што тата зь сябрамі заўважылі ў беларускіх лясах першага беларускага дыназаўра і яго ловяць. Мажэйка высылаў сыну некалькі нумароў самаробнага часопіса з турмы пра тое, як ідуць гэтыя пошукі.
«Гэта была гісторыя, якая таксама нас трымала на эмацыйнай сувязі», — падсумоўвае журналіст.
Павал кажа, што дыназаўра ён злавіў, — і плянуе яшчэ пагаварыць з сынам пра гэтую легенду.
«Ніхто не патлумачыў, ці я магу вяртацца ў Беларусь»
Павал мае рэпутацыю гурмана. Ён успамінае, што і ў калёніі вязьні паміж сабой вялі размовы пра тое, якая страва цяпер асацыюецца са свабодай.
«Мне ўвесь час мроіўся кавалак піцы. Можа быць таму, што гэтая страва робіцца так разьняволена. Яна такая смачная, простая, падарожная. Такая ў мяне была асацыяцыя са свабодай. Але сёньня паглядзім. Я тры гады быў на „збалянсаванай дыеце“. Трэба прызвычаіцца да вольнай ежы», — кажа суразмоўца.
Цяпер журналіст перадусім хоча «надыхацца свабоды».
«Пасьля будзе відаць. Ёсьць маса цікавых ідэй, якія я сам сабе намеціў, надумаў, седзячы ў калёніі. Яшчэ мне вельмі цікавы момант: ніхто ніводнай фразай мне не патлумачыў мой статус, ці я магу вяртацца ў Беларусь. Таму я хацеў бы гэты момант высьветліць. Бо розныя рэжымы зьяўляюцца, сыходзяць, а Беларусь застаецца. Я хацеў бы працаваць у Беларусі і прыносіць карысьць. Ведаю, што гэта будзе значна больш, чым я буду за мяжой. Але пакуль трэба разьвеяцца, адчуць паветра», — кажа Павал.
Ён падкрэсьлівае, што «аграмадная частка людзей сядзяць па палітычных матывах».
«Хочацца пажадаць, каб яны хутчэй вярнуліся да сваіх сем’яў, выйшлі на волю. Трэба прыкласьці ўсе намаганьні, каб гэтыя людзі выйшлі. Тады можна будзе выдыхнуць напоўніцу і сказаць, што і гэтым разам людзі нарэшце на волі», — кажа Мажэйка.
Радыё Свабода
