
11 верасня ў Беларусі вызвалілі прымусова вывезлі з Беларусі ў Літву 51 асобу, палітык Мікола Статкевіч адмовіўся пакідаць краіну. Для некаторых з палітвязняў такое вызваленне з дэпартацыяй стала дзіўным і не вельмі радасным сюрпрызам, бо яны і тіа меліся былі выйсці праз некалькі месяцаў на волю і вярнуцца да родных, а не апынуцца за межамі радзімы. Для другіх, з велічэзнымі тэрмінамі, гэта было сапраўднае шчасце.
«Белсат» паглядзеў, колькі яшчэ мусілі быць у калоніях вызваленыя 11 верасня палітвязні.
11 грамадскіх актывістаў, якім заставалася адсядзець ад тыдня да 14 гадоў зняволення
Самыя вялікія тэрміны пакарання сярод зняволеных актывістаў былі ў Галіны Дзербыш, Мікалая Статкевіча і Генадзя Фядыніча, на момант «памілавання» ім заставалася сядзець больш за астатніх: 14 гадоў і 4 месяцы, 9,5 года і 5 гадоў адпаведна. Але для чатырох вызваленых тэрмін завяршаўся максімум праз 7 месяцаў.
Пры гэтым Зміцер Дашкевіч меўся выйсці на волю праз тыдзень. У Беларусі ў былога лідара «Маладога фронту» засталася жонка і чацвёра дзяцей.
Мікалай Статкевіч – 9 гадоў і 6 месяцаў
Палітык быў затрыманы 31 траўня 2020 года і 14 снежня 2021 года пакараны 14 гадамі зняволення за «Арганізацыю масавых беспарадкаў». Ён меўся выйсці на волю праз 9,5 года.
Але Мікалай Статкевіч не пагадзіўся «дэпартавацца» і, са словаў сведак, «практычна выбіў дзверы, вылецеў з аўтобуса і пабег на тэрыторыю Беларусі». Некалькі гадзінаў ён стаяў на мяжы на нейтральнай паласе паміж Літвою і Беларуссю. З ім размаўлялі жонка, амерыканскія дыпламаты і яшчэ некалькі чалавек, але пераканаць яго не ўдалося. Калі стала зразумела, што Статкевіч не зменіць рашэння, яго павялі ў невядомым кірунку асобы ў масках, якія ўвесь час чакалі побач. Дзе ён цяпер – невядома.
Галіна Дзербыш – 14 гадоў і 4 месяцы
Пенсіянерка Галіна Дзербыш, прызнаная афіцыйнымі ўладамі «тэрарысткай», мае 15 катоў, анкалагічную хваробу, праблемы з сэрцам і другую групу інваліднасці пасля цяжкой аварыі ў маладосці. Тым не менш, менавіта яна з усяго спісу атрымала самы суровы тэрмін ад уладаў Беларусі – 20 гадоў у «справе Аўтуховіча».
10 снежня 2020 года пенсіянерку затрымалі, а 17 кастрычніка 2022 года гарадзенскі суддзя Максім Філатаў прызначыў Галіне Дзербыш 20 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 22 400 рублёў штрафу.
З 31 сакавіка 2023 года яна адбывала пакаранне ў Гомельскай ПК № 4 і мелася выйсці 6 студзеня 2024 года, толькі праз 14 гадоў і 4 месяцы.
Уладзімір Мацкевіч – 5 месяцаў да вызвалення
Філосафу і былому вядоўцу «Белсату» Уладзіміру Мацкевічу 69 гадоў, больш за чатыры гады ён правёў за кратамі. Яго затрымалі 4 жніўня 2021 года, а 23 чэрвеня 2022 года прыгаварылі да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У 2023-м яго перавялі на турэмны рэжым.
З улікам амаль гадавога перабывання ў СІЗА Міцкевіча мусілі вызваліць ужо праз 5 месяцаў – 23 лютага 2026 года.
Генадзь Фядыніч – больш за 5 гадоў да вызвалення
Ранейшы кіраўнік Незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) быў затрыманы 19 красавіка 2022 года, а 5 студзеня 2023 года яго асудзілі на 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паводле падлікаў, Генадзь Фядыніч меўся выйсці толькі праз 5 гадоў – 9 снежня 2030 года.
Аляксандр Ярашук – 3 месяцы да вызвалення
Старшыню Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука затрымалі 19 красавіка 2022 года, а 26 снежня 2022 года суд прыгаварыў яго да чатырох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ярашука мусілі выпусціць 14 снежня 2025 года, праз 3 месяцы.
Мікола Дзядок – 7 месяцаў да вызвалення
Мікола Дзядок – вядомы актывіст анархісцкіх поглядаў, блогер і журналіст газеты «Новы час». Яго затрымалі 11 лістапада 2020 года, а 10 лістапада 2021 года прызначылі пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.
Мікалай меўся быў выйсці з турмы 25 красавіка 2025 года, але супраць яго распачалі новую крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Гэта працягнула ягоны тэрмін зняволення прыкладна да 24 красавіка 2026. Выходзіць, да вызвалення яму заставалася прыкладна 7 месяцаў.
Зміцер Кучук – 4 гады да вызвалення
Былога кіраўніка зліквідаванай Беларускай партыі «Зялёныя» Змітра Кучука затрымалі 16 лютага 2024 года, калі ён хацеў ушанаваць памяць забітага Аляксея Навальнага каля расейскага пасольства ў Менску. 24 снежня 2024 года Змітру прызначылі шэсць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Тэрмін Змітра мусіў скончыцца праз 4 гады – 12 верасня 2029 года.
Зміцер Дашкевіч – тыдзень да вызвалення
44-гадовы актывіст Зміцер Дашкевіч быў затрыманы 23 сакавіка 2022-га, а 14 ліпеня 2022 года яго засудзілі на паўтара года зняволення за «групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак».
У ліпені 2023-га за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» яму прысудзілі яшчэ год калоніі, а 25 верасня 2024 года – дадалі за тое ж самае яшчэ год і тры месяцы калоніі.
Да сканчэння тэрміну яму заставаўся адзін тыдзень.
14 ліпеня 2022 годзе ягонай жонцы таксама прызначылі «хатнюю хімію» за ўдзел у пратэстах. За месяц за прысуду яна нарадзіла чацвёртае дзіця. Яна цяпер у Беларусі з дзецьмі.
Яўген Афнагель – 1 год і 8 месяцаў да вызвалення
Каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» і аднаго са стваральнікаў апазіцыйнага руху «Зубр» затрымалі 25 верасня 2020 года, а 25 траўня 2021 года прыгаварылі да сямі гадоў пазбаўлення волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму. З красавіка 2022 года да 11 верасня 2025 года Яўген быў у турме.
Да вызвалення яму заставаўся прыкладна 1 год і 8 месяцаў.
Павел Вінаградаў – 1 год і 2 месяцы да вызвалення
Актывіст, блогер і колішні вядоўца «Белсату» 37-гадовы Павел Вінаградаў шмат разоў трапляў пад арышт – у 2007 годзе, 2008-м, 2011-м.
22 снежня 2021 года яго чарговы раз затрымалі, а 16 сакавіка 2022 года прысудзілі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Палітвязня мусілі вызваліць 9 лістапада 2026 года: да вызвалення заставаўся 1 год і 2 месяцы.
Ужо на свабодзе Вінаградаў сказаў, што чакаў свайго вызвалення да «дня народнага адзінства» 17 верасня.
«Калі мне надзелі ўчора мяшок на галаву і кудысьці павезлі, я зразумеў, што я выходжу. Я толькі не ведаў, што сюды. Ну, такі варыянт разглядаў».
Максім Вінярскі – 2 гады і 2 месяцы да вызвалення
Актывіста грамадскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» затрымалі 22 студзеня 2021 года, а 25 траўня таго ж года прыгаварылі да пяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за «Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых беспарадках».
З залікам часу ў СІЗА фактычная дата выхаду атрымалася 20 лістапада 2027 года. Такім чынам, на 11 верасня яму заставалася 2 гады і 2 месяцы да вызвалення.
Андрэй Войніч – 1 год і 8 месяцаў
Яшчэ аднаго актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Войніча затрымалі 25 верасня 2020 і 25 траўня 2021 прыгаварылі да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. З прыблізных падлікаў, палітвязень меўся выйсці на волю 25 траўня 2027 года, праз 1 год 8 месяцаў.
Сяргей Спарыш – 1 год і 4 месяцы
Актывіста партыі «Народная грамада» Сяргея Спарыша затрымалі яшчэ да выбараў – 25 чэрвеня 2020 года, а 7 траўня 2021 года далі 7 гадоў узмоцненага рэжыму. З прыблізных падлікаў, ён меўся выйсці на волю ў студзені 2027 года, праз 1 год і 4 месяцы.
Дзевяць журналістаў, якім заставалася ад 4 месяцаў да 9 гадоў зняволення
11 верасня з Беларусі вызвалілі і адразу дэпартавалі 9 журналістаў, хоць яшчэ як мінімум 28 працаўнікоў медыяў застаюцца ў няволі. Траім вызваленым да сканчэння тэрміну заставалася не больш за 8 месяцаў.
Але сярод вызваленых ёсць і 36-гадовы Ігар Лосік, які правёў у няволі больш за пяць гадоў. Ён быў затрыманы 25 чэрвеня 2020-га, а 14 снежня 2021-га яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі за «Масавыя закалоты» і «Распальванне варожасці». Да вызвалення ў верасні 2034 года яму заставалася 9 гадоў і 1 месяц.
Гомельская журналістка і праваабаронца Ларыса Шчыракова, якую затрымалі 6 снежня 2022 года і 31 жніўня 2023 года асудзілі на 3 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Ёй заставалася быць у няволі 4 месяцы.
«Я думала: я застануся, оўкей, задушыцеся, я адсяджу, але потым я зараблю сабе права жыць у сваёй краіне. Але выйшла, што гэта ілюзія. І нягледзячы на тое, што я адсядзела і мне засталося толькі чатыры месяцы, усё роўна мне не далі магчымасці застацца ў сваёй краіне», – распавяла «Белсату» былая палітзняволеная.
Журналіст, а таксама былы аўтар і вядоўца «Белсату» Павел Мажэйка правёў за кратамі тры гады. Яго затрымалі 30 жніўня 2022 года, а 26 ліпеня 2023 года далі 6 гадоў узмоцненага рэжыму. Да вызвалення Паўлу заставалася 2 гады і амаль 7 месяцаў.
Рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч быў затрыманы 15 сакавіка 2023 года, а 3 лістапада 2023 года яго пазбавілі волі тэрмінам на чатыры гады ва ўмовах агульнага рэжыму. Да ягонага вызвалення быў яшчэ 1 год і амаль 3 месяцы.
Журналістка Ірына Слаўнікава працавала на «Белсаце». Яе затрымалі 30 кастрычніка 2021 года, а 3 жніўня 2022 года прыгаварылі да пяці гадоў калоніі агульнага рэжыму. Да сканчэння тэрміну ёй заставалася 8 месяцаў.
Журналіст-відэааператар Павел Падабед быў затрыманы 20 студзеня 2023 года і 30 чэрвеня 2023 года асуджаны на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму. Яму заставалася быць у няволі прыкладна 1 год і 2 месяцы.
Віцебскага журналіста Вячаслава Лазарава затрымалі 9 лютага 2023 года, а 25 верасня таго ж года прысудзілі яму 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Да вызвалення заставалася 2 гады і 7 месяцаў.
Гомельскага журналіста Яўгена Меркіса затрымалі 13 верасня 2022 года і 30 траўня 2023 года прыгаварылі да чатырох гадоў узмоцненага рэжыму. Да вызвалення Яўгену заставалася менш за 8 месяцаў.
Берасцейскую журналістку і самую малодшую з вызваленых беларусаў, Алену Цімашчук, 3 чэрвеня 2024 года прыгаварылі да пяці гадоў калоніі агульнага рэжыму. Колькі ёй заставалася, падлічыць пакуль немагчыма, бо невядомая дата яе затрымання, але пры найгоршым варыянце гэта быў бы пачатак 2029 года (яшчэ каля чатырох гадоў).
Іншыя беларусы – ад некалькіх месяцаў да 6 гадоў
Сярод іншых вызваленых і дэпартаваных 11 верасня вельмі шмат тых, каму заставалася «сядзець» ад некалькіх месяцаў да года.
Напрыклад, Глеб Гладкоўскі прабыў у зняволенні з верасня 2021 года. Яго асудзілі на 5 гадоў, і да вызвалення хлопцу заставалася 3 месяцы.
Андрэй Хвескавец адседзеў у калоніі 4,5 года за «масавыя беспарадкі» – яму заставалася да сканчэння тэрміну толькі тры месяцы і 13 дзён.
Андрэй Крылоў, Віктар Уласенка і Яўген Сямёнаў меліся выйсці на волю прыкладна праз 8 месяцаў. Віталю Бандаруку да сканчэння тэрміну заставалася 10 месяцаў, Цімуру Рызапуру – 9 месяцаў, Іллі Дубскаму – 9,5 месяцаў, Ігару Цяпцееву – 11 месяцаў.
Блогер YouTube-каналу «Шэры кот» Зміцер Казлоў быў затрыманы яшчэ да выбараў – 10 чэрвеня 2020 года – і атрымаў 6 гадоў калоніі, потым яшчэ 1 год «за непадпарадкаванне». Зміцер мог выйсці на волю прыкладна праз 1 год і 2 месяцы.
Такі ж самы час да сканчэння зняволення заставаўся яшчэ ў двух дэпартаваных з краіны – Якава Шафарэнкі і Святаслава Шубіча – 1 год і 2 месяцы.
Праграміст Павел Мікіценка меўся выйсці праз 1 год, Андрэй Сцепанькоў – праз 1 год і 5 месяцаў.
41-гадовы прапаведнік баптысцкай царквы Мікалай Хіло быў затрыманы 24 красавіка 2024 года, а 30 снежня 2024 года атрымаў чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яму заставалася сядзець 2 гады і 11 месяцаў.
Грамадзянка Вялікай Брытаніі Юлія Фэнэр была затрыманая вясной мінулага года, а суд над ёю прайшоў два тыдні таму – 31 жніўня 2025 года. Паводле выніку суда яна атрымала 7 гадоў пазбаўлення волі, таму сядзець у Беларусі ёй заставалася 6 гадоў і 3 месяцы.
Архітэктар і барабаншчык Аляксей Сіленка быў затрыманы адносна нядаўна – 1 траўня 2024, але ягоны прысуд у лістападзе 2024 года застаўся невядомы.
Як падлічваецца тэрмін зняволення?
Калі спрасціць, то паводле беларускага заканадаўства адзін дзень у СІЗА лічыцца за паўтара дня калоніі. Гэта азначае, што час, праведзены да суда (следства і чаканне прысуду), залічваецца з дадатковым каэфіцыентам. Аднак падлічыць дакладную дату вызвалення часта бывае складана праз брак звестак: у які дзень чалавека затрымалі, калі перавялі з СІЗА ў калонію або турму пасля вынясення прысуду. Таму падлічаныя намі тэрміны атрымаліся прыкладныя.
