
Ва ўзросце 34 гадоў 12 верасня памёр пробашч парафіі святога архангела Міхаіла ў Ашмянах ксёндз Ян Варанецкі, піша katolik.life.
«Усё адбылося раптоўна. Ксёндз якраз адпраўляў пахавальную імшу, вельмі цікавую пропаведзь прамовіў. Усё было як заўсёды. Папрасіў прабачэння ў родных памерлага, што не зможа паехаць на могілкі, бо спяшаецца на імшу ў бальніцу. Усе паехалі. А яго праз некаторы час знайшлі мёртвым каля касцёла, ён нават не паспеў ад’ехаць. Верагодна, тромб. Экспертыза пакажа. Вернікі ў стрэсе», — кажуць вернікі.
Ксёндз Ян нарадзіўся ў 1991 годзе, паходзіў з парафіі ў Мікелеўшчыне. Святарскае пасвячэнне прыняў у 2016 годзе. Быў вікарыем парафіі ў Ашмянах, гродзенскіх парафій Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Францыска Ксаверыя. У ліпені 2024 года стаў пробашчам ашмянскай парафіі.
«Ксёндз пробашч Ян застанецца ў нашай памяці добрым, добразычлівым, заўсёды пунктуальным, шчырым у малітвах, назаўсёды прыгожым і маладым», — адзначылі вернікі.
Святара, які раптоўна памёр 34-гадовым, цкаваў канал, звязаны з КДБ і МУС
Рэсурс «Гродненскіе слівы», філіял цэнтральных «Жоўтых сліў», спецыялізуецца ў паклёпах на Каталіцкі касцёл.
Ксёндз Ян Варанецкі з Ашмян быў адным з аб’ектаў такіх паклёпаў — высмактаных з пальца, як высветліла @NashaNiva.
Магчыма, менавіта гэта пакінула шнар на яго сэрцы.
