Беларускі багаслоў, педагог, перакладчык, дзеяч у галіне царкоўнае асветы Сяргей Паўловіч нарадзіўся 13 верасня 1875 году ў вёсцы Асаўцы Кобрыньскага павету (цяпер Драгічынскі р-н). Скончыў Літоўскую праваслаўную духоўную семінарыю ў Вільні, пасля вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. Тэмай кандыдацкай дысертацыі абраў уніяцкі Замойскі сабор 1720 году. У 1900 годзе скончыў акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя.Выкладаў Закон Божы ў духоўнай вучэльні. У 1904-ым годзе “Гродненские епархиальные ведомости” надрукавалі яго “Опыт истории Замойского униатского провинциального собора (1720 г.)”, а потым праца выйшла асобным выданнем.

У1909-12 гадах выкладаў Закон Божы ў настаўніцкай семінарыі і жаночай гімназіі Рагачова. У 1913-м прызначаны інспектарам народных вучэльняў у Ваўкавыску. З пачаткам Першай сусветнай вайны выехаў як бежанец у Калужскую губерню. Займаў пасаду загадчыка фінансавага аддзялення ў аддзеле народнай адукацыі, а яго жонка Марыя Мікалаеўна працавала памочнікам бухгалтара ў Калужскім аддзяленні Дзяржбанку.

Паўловічы вярнуліся з Расеі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Пасля пераезду ў Вільню Сяргей Паўловіч працаваў выкладчыкам Закона Божага ў Віленскай беларускай гімназіі, а ў 1927-28 навучальным годзе займаў пасаду дырэктара гэтай гімназіі.

Педагагічная і грамадская дзейнасць Паўловіча была цесна звязаная з ТБШ, некаторы час ён уваходзіў у склад кіраўніцтва гэтай культурна-асветнай арганізацыі. Рэдагаваў часопісы “Летапіс Таварыства беларускае школы” (з 1936-га  – “Беларускі летапіс”) і “Беларускі каляндар”, якія выдаваліся гэтым Таварыствам. Акрамя таго, Паўловіч дапамагаў Беларускаму выдавецкаму таварыству, быў сябрам Беларускага навуковага таварыства, выступаў з рэфератамі па гісторыі хрысціянства на яго паседжаннях.

3 канца 1920-ых рэзка ўзмацнілася паланізацыя школы. Міністэрства веравызнанняў і грамадскай асветы запланавала на 1929-30 навучальны год увядзенне ў беларускія школы падручніка “Лемантар” Станіслава Любіч-Маеўскага. Паўловіч крытычна аналізаваў яго, выкрыў шкоднасць гэтага дапаможніка для нацыянальнай свядомасці дзяцей. Чыноўнікі былі змушаныя зняць лемантар з карыстання, але праз год “выпраўлены” падручнік усё ж быў уведзены ў навучальны працэс. У 1929 годзе ў Вільні, у беларускай друкарні імя Скарыны быў выдадзены падручнік Паўловіча “Пішы самадзейна. Развіццё навыку самастойнага пісьма…” У тым жа годзе выйшлі ў свет і “Метадычныя ўвагі” да асобніка “Пішы самадзейна”. Яны былі дапушчаны Міністэрствам асветы ў настаўніцкія бібліятэкі пачатковых школ з беларускай мовай навучання.

16 кастрычніка 1930-га і ў 1933-ым Паўловіч быў арыштаваны і сядзеў у турме на Лукішках. У 1936-ым у Вільні быў надрукаваны лемантар Паўловіча “Першыя зерняткі”. Нацыянальным алфавітам беларусаў Сяргей Паўловіч лічыў кірыліцу, абгрунтоўваў гэта прычынамі гісторыка-культурнага характару. Ва ўмовах узмацнення паланізацыі быў вымушаны надрукаваць другое выданне лемантара лацінкай – “Zasieŭki”. Нягледзячы на гэта, тыраж быў канфіскаваны.

Паводле некаторых звестак, у 1937 годзе жыў у Варшаве, дзе рэдагаваў дзіцячы ілюстраваны царкоўна-культурны часопіс “Снапок”, які быў дадаткам да газеты праваслаўнай мітраполіі “Слово”. Памёр Сяргей Паўловіч ад хваробы сэрца 16 верасня 1940 году ў Вільні. Пахаваны на Еўфрасінеўскіх могілках.