Пісьменнік Кандрат Лейка нарадзіўся 17 верасня 1860 году ў вёсцы Збочна Слонімскага павету ў беднай сялянскай сям’і Тодара і Тэклі Лейкаў. У сям’і гадаваліся яшчэ тры браты. Бацька часта хварэў, таму былі беднымі. Чытаць Кандрата навучыў яго родны дзядзька Раман. Будучы пісьменнік на ўсё жыццё палюбіў кнігу. Хутка хлопчыка паслалі вучыцца ў Азярніцкае вучылішча. Ён стаў любімым вучнем настаўніка Восіпа Вікторскага. І хоць вучобу ўскладняла хвароба ног, Азярніцкую вучэльню Кандрат скончыў паспяхова. Яго паслалі казённым коштам у Свіслацкую гімназію. Пасля яе сканчэння ў 1879-ым паехаў працаваць настаўнікам у мястэчка Косава. Хутка цяжка захварэе і памрэ яго маці. Пазней Лейка прысвеціць ёй два апавяданні. Удзячны сын паставіў на магіле маці ў Збочне дарагі чыгунны помнік, які захаваўся да сёння.

Пяць гадоў працаваў Лейка настаўнікам у Косаве. Там пачаў пісаць на роднай мове свае першыя вершы. Доктар параіў яму памяняць месца жыцця на цёплы і сухі клімат. У 1884-ым Лейка пераехаў у Харкаўскую вобласць. Працаваў настаўнікам у Лініўскім вучылішчы, потым пераведзены ў Аснавянскае. Пазней яго прызначылі дырэктарам вучэльні для сляпых дзяцей у Харкаве. Лейка распрацаваў для іх адмысловыя праграмы. Працуючы, прайшоў спецыяльныя курсы ў Пецярбургу, а таксама слухаў лекцыі ў Харкаўскім універсітэце. Часта друкаваў артыкулы на розныя педагагічныя тэмы. Лейка не забываў і пра родную мову, пісаў шмат паэтычных твораў, прысвечаных птушкам, хатнім жывёлам, сатырычныя вершы. У студзені 1905-га Лейку звольнілі за “вольнадумства”.

Пасля Кандрат Лейка пэўны час працаваў выкладчыкам рускай мовы ў Елісаветградскім камерцыйным вучылішчы, а пасля ў адной з прыватных жаночых гімназій. У 1911-ым пераязджае ў горад Валкі Харкаўскай губерні і ўладкоўваецца на працу ў павятовае ведамства Гэта быў дастаткова плённы ў працы час. Аднак у час родаў памерла ягоная жонка, дактары ўратавалі толькі сына Віталя, якога на выхаванне забрала на Палтаўшчыну родная сястра жонкі.

У Валках Кандрат Лейка наладжвае шчыльныя сувязі з Бацькаўшчынай. Ён перапісваецца з беларускімі дзеячамі і літаратарамі, а таксама з рэдакцыямі беларускіх газет і часопісаў. Шмат піша і перакладае з украінскай мовы на беларускую. Свае творы дасылае ў Вільню, а з кастрычніка 1911 года друкуецца ў “Нашай ніве”, “Беларускім календары на 1916 год”, “Гомане”, “Беларускай думцы”, “Нашай думцы”. Максім Гарэцкі так напісаў пра яго: “Надта здольны нашаніўскі апавядальнік”. У 1912 годзе ў Вільні асобнай кніжачкай выходзіць п’еса Лейкі для дзяцей “Снатворны мак”, якая паклала пачатак беларускай нацыянальнай драматургіі для дзяцей.

У 1918-ым з-за даўняй хваробы Лейку спаралізавала, пляменнікі перавезлі яго ў горад Здалбунаў на Валынь да роднага брата Івана. Апошнія тры гады ў Здалбунаве жыў ён за кошт дапамогі сяброў з Беларусі і Беларускага камітэта ў Варшаве. Перад смерцю ён паспеў паслаць у Беларускае Навуковае Таварыства восем сшыткаў сваіх твораў з надзеяй выдаць іх асобнаю кнігаю пад загалоўкам “Засеўкі”, але яна так і не выйшла. Пісьменнік памёр у верасні 1921-га ў Здалбунаве на Украіне, дзе і пахаваны. Магілу з жалезным крыжам і напісам па-украінску адшукаў слонімскі краязнавец Сяргей Чыгрын. Ён жа сабраў амаль усю творчую спадчыну пад адну вокладку і выдаў асобнай кніжачкай “Пан Трудоўскі”.