
Радаслаў Сікорскі / прэс-служба МЗС Польшчы
Польшча адкрые мяжу з Беларуссю, “калі Кітай дапаможа”. Пра гэта заявіў кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі.
“Калі Кітай дапаможа нам, як ён зрабіў у свой час, спыніць правакацыі з боку Беларусі, мяжа будзе адкрытая”, — паведаміў міністр.
Сікорскі ўдакладніў, у чым мусіць выявіцца дапамога Кітая: “Калі гэтая мяжа мусіць быць адкрытай, то там не могуць гаспадарыць нейкія банды псеўдаўцекачоў, якіх прапіхвае Лукашэнка”.
Мяжу з Беларуссю Польшча цалкам закрыла ў ноч на 12 верасня. Афіцыйна гэта было растлумачана правядзеннем беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў “Захад-2025”. Іх актыўная фаза прайшла з 12 па 16 верасня.
Аднак яшчэ да заканчэння вучэнняў Польшча паведаміла, што мяжа будзе зачыненая няпэўны тэрмін. Афіцыйная Варшава заявіла, што павінна ўпэўніцца, што краіне нічога не пагражае з беларускай тэрыторыі.
Еўрарадыё
