
Лукашэнка на сустрэчы са сваім ідэалагічным актывам цэлую хвіліну прысвяціў абмеркаванню ўчынка Міколы Статкевіча. І фактычна прызнаў, што той цяпер знаходзіцца ў турме.
На нарадзе з ідэолагамі Лукашэнка закрануў тэму вызвалення палітвязняў і пры гэтым упершыню пракаментаваў учынак Мікалая Статкевіча, які не захацеў пакідаць Беларусь.
«Чалавек жа ўжо на зыходзе. Ён ужо хутка памрэ. Не дай Бог у турме. Ну навошта гэта трэба? Вось хоча быць лідарам. Туды зайшоў, быццам бы на нейтральную паласу. Падышоў да літоўцаў. Хлопцы спыталі: ты што, у Беларусь хочаш? Ты ж у турму трапіш. Кажа, пайду ў турму.
Ну, добра. Забралі яго. Не кінуць жа. Усё ж такі наш чалавек. Грамадзянін, дакладней, наш. Забралі яго ў Беларусь. Навошта крыўдзіць».
Лукашэнка не расказаў канкрэтна, дзе знаходзіцца Статкевіч, пра якога ўжо амаль тыдзень няма вестак. Пры гэтым жонцы Мікалая Статкевіча не паведамляюць пра яго месца знаходжання і яна не мае магчымасці перадаць яму мінімальна неабходныя рэчы, без якіх ён застаўся.
