З 18 студзеня ў Беларусі агулам былі вызваленыя 170 палітвязняў, але за гэты ж час 283 новыя асобы атрымалі гэты статус. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Пры гэтым адзначаецца, што на волю маглі выйсці нават менш за 170 палітвязняў, бо ў ліпені і верасні агулам на волю выйшаў 31 зняволены, і толькі частка з іх была асуджаная паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў.

За гэты ж час 283 асобы атрымалі статус палітвязня. Гэта людзі з усёй Беларусі, рознага веку і сацыяльнага статусу, якіх вінавацяць паводле шэрагу палітычных артыкулаў.

«Толькі спыненне штодзённых новых арыштаў і вызваленне ўсіх палітвязняў будзе казаць пра пераход ад палітыкі дзяржаўнага тэрору да аднаўлення нацыянальнай згоды. Тое, як адбываюцца многія з гэтых вызваленняў цяпер, кажа аб працягу рэжымам практык дэ-факта дэпартацыі з палітычных матываў – злачынстваў супраць чалавечнасці паводле вызначэння Міжнароднага крымінальнага права», – казаў у чэрвені праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка.

Нагадаем: апошнія два памілаванні адбыліся цягам апошняга тыдня. 16 верасня Лукашэнка памілаваў 25 вязняў, у тым ліку за «злачынствы экстрэмісцкага кірунку». Колькі сярод іх палітзняволеных, пакуль невядома.

11 верасня 2025 года з турмаў Беларусі былі вызваленыя і прымусова вывезеныя ў Літву 52 вязні: з іх 40 палітзняволеных беларусаў і 12 замежных грамадзянаў. У дзесяцярых беларусаў забралі пашпарты і замест іх выдалі даведку, якая пацвярджае асобу і мае тэрмін дзеяння да пачатку кастрычніка. Мікола Статкевіч, засуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі, адмовіўся пакідаць Беларусь і вярнуўся назад у суправаджэнні людзей у масках.

Для некаторых з палітвязняў вызваленне з дэпартацыяй 11 верасня стала дзіўным і не вельмі радасным сюрпрызам, бо яны і так меліся былі выйсці праз некалькі месяцаў на волю і вярнуцца да родных, а не апынуцца за межамі. Напрыклад, Зміцер Дашкевіч меўся выйсці на волю праз тыдзень. У Беларусі ў былога лідара «Маладога фронту» засталіся жонка і чацвёра дзяцей.