Стала вядома, што палітвязня Мікіту Самарына этапавалі з Гародні ў шклоўскую калонію.

Напомнім, што 4 верасня прайшоў разгляд апеляцыйнай скаргі ў абласным судзе па крымінальнай справе гарадзенца. Прадказальна ранейшы вырак быў пакінуты ў сіле – 6 гадоў узмоцненага рэжыму ў калоніі.

У Самарына зараз значныя праблемы са здароўем – у яго цэлы час апухшая нага, якая моцна баліць. Мяркуючы па ўсім – гэта следства таго, што пры затрыманні яго моцна збівалі.

Суд над Самарыным пачаўся яшчэ 2 ліпеня бягучага году. Вядома, што яго судзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу. Акрамя артыкулу 364 (“гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў”) фігураваў артыкул 411 (“злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”). Імаверна, што 411-ы артыкул з’явіўся ў выніку нежадання Самарына супрацаваць з так званым “следствам”.

Напомнім, што ў снежні 2020 года Самарын быў засуджаны да 4 гадоў хіміі за тое, што распыліў газ падчас пікета каля Кастрычніцкага РАУСа Гародні. Аднак пасля прысуд яму замянілі на 2,5 года зняволення ў калоніі. Самарын не пайшоў на апеляцыю і застаўся на свабодзе. Увесь час пасля суда Мікіта хаваўся ад сілавікоў. Быў выпадкова затрыманы 23 сакавіка бягучага году. Пры сабе ў яго не было пасведчання асобы, а дадзеных, якія ён назваў, не было ў базе МУС. Па інфармацыі міліцыі, калі Мікіту сказалі ехаць у РАУС, ён зламаў аднаму з міліцыянтаў руку і паспрабаваў уцячы ад міліцыянтаў праз раку. Але яго дагналі і затрымалі.