
19 верасня ў беластоцкім Цэнтры Заменгофа адбылася прэзентацыя кнігі вядомага гарадзенскага журналіста Руслана Кулевіча «Апошнія сведкі Гродна».
Выданне сабрала ўспаміны гарадзенцаў пра даваеннае і пасляваеннае жыццё горада. Аўтар падкрэслівае, што гэта не толькі асабістыя аповеды, але і дакументы часу, якія дапамагаюць зразумець атмасферу тагачаснай Гародні.
Кажа Руслан Кулевіч:
-Вельмі рады, што на прэзентацыю прыехалі героі кнігі – гэта вельмі важна, таму што сёння спаткаць гарадзенцаў 20 – 30-х гадоў вельмі цяжка. Да нас прыехалі са Шчытна, Беластока, Супраслі, і гэта вельмі-вельмі важна. І бачу шмат гарадзенцаў, і не толькі, якім цікава.
Па словах Агнешкі Кайданоўскай з беластоцкага Цэнтра Заменгофа, вельмі важна ў Беластоку размаўляць таксама і пра гісторыю Гародні:
-Для нас вельмі важна паказаць Гародню, бо гэта сапраўды толькі 70 кіламетраў ад Беластока. І гэта нашая супольная гісторыя, якая нас аб’ядноўвае.
На прэзентацыю прыйшло каля сотні чалавек – ад старэйшых жыхароў да зусім маленькіх дзяцей. Атмасфера сустрэчы паказала: мінулае Гародні цікавае і важнае для розных пакаленняў.
Беларускае Радыё Рацыя
