
Пакуль чыноўнікі і іншыя прадстаўнікі наменклатуры забаўляліся ў Ваўкавыску “Дажынкамі” прыйшла інфармацыя, што стан здароўя палітвязня Мікіты Емельянава ў Ваўкавыскай калоніі значна пагоршыўся.
25-гадовы палітвязень анархіст Мікіта Емяльянаў за кратамі з 2019 года. Цяпер ён знаходзіцца ў калоніі № 11 у Ваўкавыску. Родныя не атрымліваюць ад яго лістоў, яму забаранілі працяглае спатканне. У турэмных камерах Мікіта пачаў губляць зрок. Два апошнія гады яму забаранялі атрымліваць перадачы, у тым ліку, медычныя бандэролі: ні вітамінаў, ні неабходных прэпаратаў. Гэта значыць, што ўлады наўмысна пазбаўляюць яго элементарнай падтрымкі арганізму.
Нагадаем, 12 лютага 2020 года суд Савецкага раёна Мінска асудзіў 19-гадовых анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара на сем гадоў пазбаўлення волі кожнага ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Іх асудзілі за дзве акцыі: Мікіта Емяльянаў кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Мінгарсуда, дзе ў той дзень мусіў пачацца суд на Дзмітрыем Паліенкам. А пазней двойчы кідаў «кактэйль Молатава» ў дзверы ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Іван Комар у гэты момант быў у суседнім скверы. Свой учынак анархісты патлумачылі тым, што яны выступаюць супраць пераследу палітычных зняволеных.
27 сакавіка 2020-га Мінскі гарадскі суд змяніў прысуд суда Савецкага раёна: Емяльянаву — 4 гады пазбаўлення волі, Комару — 3 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі.
