Мытнае афармленне аўтамабіляў, аўтобусаў і грузавых цягнікоў, якія едуць у Польшчу з Беларусі, пачнецца за 2 гадзіны да адкрыцця мяжы – у 23:00 па Беларусі.

Мяжа на польскім баку адкрыецца 25 верасня ў 01:00 па беларускім часе, паведамляе Telegram-канале Дзяржаўнага мытнага камітэту. Беларускія мытнікі вырашылі афармляць аўтамабілі загадзя «з мэтай іх аператыўнага ўбыцця пасля афіцыйнага адкрыцця польскім бокам руху».

Акрамя таго, ДМК запэўнівае, што робіць усё, каб аформіць максімальную колькасць транспарту, які перасякае мяжу.
«Змены беларускіх мытнікаў у пунктах пропуску ўкамплектаваны і ўзмоцнены для афармлення максімальна магчымай колькасці чыгуначнага транспарту, цяжкавікоў, легкавых аўтаў і аўтобусаў, што рухаюцца праз беларуска-польскую мяжу», – запэўнівае ДМК Беларусі.
Міністр унутраных справаў і адміністравання Польшчы Марцін Кервіньскі ў аўторак, 23 верасня, падпісаў распараджэнне аб аднаўленні памежнага руху з Беларуссю. Нагадаем, нагодай для закрыцця мяжы з польскага боку паслужылі вайсковыя вучэнні «Захад-2025», якія праводзіліся ў Беларусі з 12 да 16 верасня. Пасля заканчэння вучэнняў, паводле Міністэрства ўнутраных справаў і адміністравання Польшчы, «зменшылася пагроза, звязаная з агрэсіўнай пазіцыяй усходніх суседзяў – Беларусі і Расеі».

Белсат