
Нобелеўскаму лаўрэату, кіраўніку праваабарончага цэнтра «Вясна», палітвязню Алесю Бяляцкаму 25 верасня споўнілася 63 гады. Пяты раз запар ён сустракаў свой дзень народзінаў за кратамі дыктатара Лукашэнкі. І гэта ўжо другі раз праваабаронца адбывае турэмны тэрмін па палітычных прычынах, хаця мог з´ехаць.
Гаворыць калега Бяляцкага Алена Лапцёнак:
– Безумоўна, гэты свядомы выбар застацца ў краіне быў прадыктаваны тым, каб падзяліць не проста адказнасць, а лёс свайго народа. Алесь не мог як праваабаронца з’ехаць і кінуць тых людзей, якія выходзілі на пратэсты, якія выказвалі сваё меркаванне супраць фальсіфікацыі, за справядлівыя выбары.
Алесь Бяляцкі быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года, асуджаны на 10 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Паводле Алены Лапцёнак, тое, што Алесь з´яўляецца другім Нобелеўскім лаўрэатам для Беларусі – гэта велізарнае дасягненне і для праваабарончага руху, і для гісторыі нашай краіны. У новай Беларусі гэтаму будзе нададзена належная ацэнка, але Алесь і праваабаронцы «Вясны» працуюць не дзеля гэтага.
Беларускае Радыё Рацыя
