
Дэлегацыя так званай “рэспублікі Крым”, якая наведвае Гарадзенскую вобласць, сустрэлася з намеснікам старшыні мясцовага абласнога выканкаму Андрэем Болтрыкам, падчас сустрэчы разгледжаныя “пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва” паміж Гарадзенскай вобласцю і Крымам, а таксама магчымасці “правядзення культурных мерапрыемстваў” у рамках “дзён рэспублікі Крым” у Беларусі.
У Гародні крымская дэлегацыя сустрэлася з кіраўніцтвам Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея, якім кіруе муж адыёзнай рэктаркі Гарадзенскага ўніверсітэта Ірыны Кітуркі – Юрый Кітурка.
Сёння дэлегацыя накіруецца ў Іўе, дзе “возьме ўдзел у культурных і памятных мерапрыемствах”.
Візіт праходзіць у рамках так званых “дзён рэспублікі Крым”, якія пачаліся ў Беларусі 23 верасня і скончацца 26-га. Чарговае мерапрыемства пройдзе ў Менску, Гародні і Іўі, у якім пражывае значная колькасць крымскіх татараў.
