Спыніла існаванне аб’яднанне «Хуткая гуманітарная дапамога», куды ўваходзілі «BYSOL», «By_help», «Краіна для жыцця» і «Dissidentby». Пра гэта паведамляецца на сайце экс-кааліцыі, дзе таксама абяцаюць, што будзе створаная іншая пляцоўка.

Кааліцыя задумвалася для аказання хуткай дапамогі рэпрэсаваным з палітычных матываў.

«Практыка такая, што кааліцыя «Хуткай гуманітарнай дапамогі» перастала быць кааліцыяй ужо больш за паўгода таму.

Пасля шэрагу фактаў, што выявіліся ў рамках працы «ByHelp», стала відавочна, што мэты стварэння і ўдзелу ў аб’яднанні арганізацый у шэрагу ўдзельнікаў істотна адрозніваліся. Нам давялося вытрымаць гэтую працяглую паўзу, каб атрымаць бясспрэчныя доказы парушэнняў бяспекі і празрыстасці працы «ByHelp», – гаворыцца ў заяве.

Пакуль чакалі вынікаў разбіральніцтва адносна «ByHelp», высветлілася, што сузаснавальнік «BYSOL» Андрэй Стрыжак рассылаў жанчынам непажаданыя фота інтымнага характару.

«Мы зноў чакалі завяршэння расследавання, якое «BYSOL» абавязаўся правесці адносна Андрэя Стрыжака.
Мы зыходзілі з таго, што адзіным правільным рашэннем для арганізацыі было б спыненне супрацы з ім. Тым не менш, увесь працэс расследавання заставаўся ад нас схаваны, нягледзячы на нашыя шматразовыя прапановы ўдзелу ў ім у якасці старонніх назіральнікаў з мэтай аднаўлення даверу. Канчатковым фактарам, які выключыў магчымасць прафесійных дачыненняў з BYSOL, стаў працэс прыняцця рашэння ў выніку расследавання і працяг працы арганізацыі з Андрэем Стрыжаком», – адзначана ў заяве.

Таму іншыя ўдзельнікі кааліцыі вырашылі ісці далей без «By_Help» і «BYSOL»

«Выявіліся тыя парушэнні ў працы «By_Help», якія каштавалі волі шэрагу людзей. Былі выкрытыя тыя грубыя парушэнні этыкі і прынцыпаў аказання гуманітарнай дапамогі, што стваралі небяспечную атмасферу для жанчын з боку Андрэя Стрыжака. Мы зрабілі свае высновы і рухаемся далей, упэўненыя ў тым, што супольнасць здольная пераадольваць уласныя хваробы.

Плануецца, што з’явіцца новы інфармацыйны рэсурс, які павінен стаць «адкрытай прасторай для гуманітарных і праваабарончых арганізацыяў», у межах якой будзе каардынавацца падтрыманне палітвязняў Беларусі і ўсіх пацярпелых ад рэпрэсіяў уладаў.